Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/101

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Цётка Тэкля была вельмі набожная кабета й кожны раз, быўшы на кірмашы ў мястэчку, яна купляла сабе розныя вялікія й малыя абразы. На сьценах яе хаткі красаваліся сьвятыя з беденькімі авечкамі. Сьвяты Юры на белым кані са зьмеем біўся. Было некалькі матак божых з маленькім дзіцяткам, панам Езусам, вакол якіх анёлчыкі луналі. Былі цары ўсяго сьвету, малюнкі кітайскай вайны й розныя іншыя.

У Сьцяпанкі Пяцькуна разьбягаліся вочы, гледзячы на гэтае багацьце, але цётка Тэкля заўсёды выганяла яго з хаты, баючыся, каб не сьцягнуў абраз які, бо цётка прыкмячала, што ён глядзіць на абразы, як воўк на авечак усё роўна, і баялася, каб ён — бронь божа — ня ўкраў штось з яе калекцыі. А бедны хлопчык ня мог сабе нажыць ніводнага малюнку.

Прыехаў раз да іх у госьці дзядзька салдат. Гэты дзядзька падарыў Сьцяпанку бляшаную пушачку ад ваксы да ботаў. На гэтай пушачцы быў намалёваны маленькі, чорненькі чалавечак, які трымае ў руках шчотку, а пры чалавечку стаіць бот, у тры разы большы за самога чалавечка.

Трохі пакасурыўся Сьцяпанка спачатку на гэты цуд штукарства, але тое, што гэта штучка зрабілася яго ўласнасьцю, асьляпіла яму вочы й затуманіла розум, і яму пачало здавацца, што нічога пякнейшага на цэлым сьвеце няма.

— Во калі можна будзе мне навучыцца добра чалавека намаляваць і бот! — думаў ён. Чалавек-хохлік і бот-волат вельмі цешылі яго. Чалавек мог-бы схавацца ўвесь у боце, што, нават, і шапкі ня відаць было-б.

Дзіва над дзівамі, проста гэніяльна!

Пабег шчасьлівы Сьцяпанка ў ток з сваёй пушачкай, ад якой вачэй адарваць ня мог. Цешыла яго вельмі тое, што гэтага скарбу ўжо ніхто ад яго не адбярэць.

Сеў хлопчык на старой драбе й давай пазіраць на маленькага чалавечка з вялізарным ботам. Пільна пазіраў, нібы гіпнатызаваць хацеў гэтага чалавечка, але чалавечак гіпнатызаваў яго.

Чалавечак быў для яго нейкім сьветлым гасьцём нязьведаных краёў, які зьявіўся яму, каб апавядаць аб усіх таемнасьцях фарбаў, які прынёс яму тое праўдзівае вялікае шчасьце, якое ня купляецца ні за якія багацьці на сьвеце.

Ён зрабіў такое ўражаньне на душу малога хлопчыка, што Сьцяпанка аж спавядацца перад ім пачаў: успомніў усе грахі свае, як бацьком прыкрасьці рабіў, як вугольчыкамі пэцкаў усё на сьвеце божым, як часам не маліўся — усе, усе маленькія грашкі, якія нібы дротам калолі Сьцяпанку ў самае сэрца. «Я новым чалавекам зраблюся», думаў ён. «Але вось прыдзецца разлучыцца некалі з гэтым чалавечкам», думаў ён пры гэтым, «памерці прыдзецца на старасьці лет». І такі жаль агарнуў Сьцяпанку дзеля таго, што ён, Сьцяпанка, ня вечны, не бясьсьмертны, як анёл, як сам бог — гасподзь, што аж сьлёзы пасыпаліся з яго вачэй. Але тут туман нейкі атуліў яго, галава закружылася, і чалавечак на