Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Уцёк Міхась. А «бунтарскія» кніжачкі з гораду сяляне закапалі, як нябожчыкаў, на зачарованых гонях пад хвоямі.

∗     ∗

Панскі маёнтак стаяў водаль ад зачарованых гоняў, на паляне. Дахам бляшаным ён рос угару, а вокнамі — вачыма волата — зіркаў навакол.

Вокны бачылі ўсю ваколіцу. Ад іх ня ўтоішся. Сяляне, праходзячы водаль, заўжды шапкі рвалі з галавы і комкалі іх у каравых пальцах, як надакучлівых шчанят.

У адну раніцу.

Зарагаталі вокны крывавым сьмехам. Задыміліся страшна. Нібы ў панскіх пакоях стаяў нехта вялікі ды з вялікай люлькі піпкаў — дым пушчаў праз вокны.

Закашляў панскі дом, і чырвоныя языкі пачалі высоўвацца з усіх яго шчылінаў — з дзьвярэй і вакон. Затулялі языкі, пачалі лізаць сьцены. З сьценаў расьлі ўверх вялічэзнымі кветкамі!

Бу-у-ух! бу-у-ух!

Сьцены зарыпелі, заскрыпелі. Уверх падымалася чырвоная гара; расла, бухала аграмадным вялікодным яйцом; сыпала-брызгала з сябе крывавых пеўняў, залатых зьмяёў; пускала пукі зорак угару і рагатала.

Жудасна рабілася хвойкам на зачарованых гонях, жудасна і цікава.

— Якое-ж гэта сьвята ў маёнтку? Ці-ж званы званілі?

А сьвятаў шмат — у календары ня зьмесьціш: то царскі дзень, то божы дзень, то панскі дзень, то так сабе дзень. Лічы — і заблытаешся.

На папялішчы панскага маёнтку людзі рэпу сеялі. Добрая рэпа расла — у цівунскую галаву. Дзівіліся людзі і надзівіцца не маглі. Хоць вязі ў горад на паказ!

∗     ∗

На зачарованых гонях.

Зноў сонечны летні дзянёк. Зноў жнейкі жнуць. Толькі не для пана — для сябе. Ніхто над каркам не стаіць. Вясёлая песьня рвецца з грудзей і раскідваецца на абшарах гукамі-клічамі:

«Ад веку мы спалі
І нас разбудзілі»…

«Разбудзілі»! вяртае ім водгаласамі прамяністая, сонечная шыр.

— Разбудзілі!

Менск, 1922 г.