Гэта старонка была вычытаная
Ах, я дзівак
Упарты і мяцежны,
Я сам уцёк
Ад вуснаў і надзей,
Каб ня упіцца
Шыяй беласьнежнай,
Каб больш ня бачыць
Подыху грудзей.
Чаго-ж тады
Я верыў і імкнуўся
Чаго я пеў,
Чаго хварэў душой,
Ў палёх шырокіх
Роднай Беларусі,
Каго шукаў,
Таго я не знайшоў.
Ну, бо яна
Гарэла й не згарала,
Як гэта ноч
І месячная цьвець.
І каб другога
Ў сьвеце напаткала,
Магла з другім
І плакаць і гарэць!