Гэта старонка была вычытаная
А дні ішлі;
Уходзілі й зьнікалі
І дні другія
Выйшлі з туманоў,
А разам з імі
Ў радасныя далі
Прышла й яна,
Узросшая вясной.
Прышла і шчырасьць
Сэрца маладога
Хацела мне
Навекі падарыць,
А я гарэў
Нязьведанай трывогай,
Крывавым сумам
Выплыўшай зары.
І я ня знаў,
Ня думаў і ня марыў,
Што мог яе
Балюча цалаваць,
Бо хто мог бачыць, —
Сінія абшары,
Зялёны лес,
Ды мяккая трава.