Перайсці да зместу

Старонка:На залатым пакосе (1927).pdf/45

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
∗     ∗

Помніш ты, быў ціхі-ціхі вечар,
Месяц жыў і плакала лаза.
Ты так доўга думала аб нечым
І хацела нешта мне сказаць.

Наша лодка ціха і пакорна
Несла нас ў нязьведаны йшчэ край,
А ў бяздоньні воч тваіх азёрных
Вольным морам плакала зара.

Ты маўчала, любая дзяўчына.
Я таксама думаў і маўчаў,
Не таму, што сэрца неяк ныла
Па вясьне і выпітым начам.

Так плылі, ня зналі, не чакалі…
Ўсё жыло трызвонамі надзей.
Ты мне нешта тайнае сказала
І прыпала з сьмехам да грудзей.