Старонка:На дарозе да новага жыцьця (1912).pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Такая думка дужа перэпалохала беларускіх селян-каталікоў. Натуральны страх, што у іх рэлігійные справы ўмешаецца урадовая ўласць, пастараліся йшче павялічыць польскіе націоналісты, даказываючы, бытцым урад, завёўшы ў касьцёлі расейскую мову, пераверне каталікоў у праваслаўных. Поруч з гэтым пачалася агітація проці проб заведзеньня ў касьцёлах беларускай мовы: польскіе націоналісты, як сьвецкіе, так і духоўные, пачалі тлумачыць беларускім селянам, бытцым беларуская мова — гэта толькі пераходная ступень да расейскай, а, значыць, і да праваслаўя.

С таго, што мы вышэй сказалі, лёгка зразумець, які добры ґрунт павінны знайсьці ядавітые зерняты, закінутые ў душу беларусаў супольнай працай польскіх і расейскіх націоналістаў. І з гэтым піонеры національнаго адраджэньня беларусаў ня могуць не лічыцца. Вось, чаму мы кажэм, што да справы завядзеньня беларускай мовы ў касьцёлі трэба прыступацца дужа абдуманна: адзін фальшывы крок можэ яе лёгка задзержаць на доўгі час.

На нашу думку тутака трэба ісьці двумя дарогамі: праз самы народ і праз духовенства. Трэба старацца, каб жаданьне правоў для роднай мовы ў касьцёлі шырэй збудзілася ў народных массах, каб увесь народ сам пачаў голасна іх дамагацца. Грунт для гэтага прыгатаўляе агульна-беларуская работа; сяўба на ўзаранай ральлі — гэта павіннасць національна-сьведомаго духавенства, ў гэтым ліку і тых ксяндзоў народнікаў, кадры каторых ужо набіраюцца. Споўніць гэту павіннасьць народ наш мае права вымагаць ад духавенства, як ад людзей і грамадзян, сыноў Зямлі Беларускай, ня гледзячы на ўсе перашкоды, якіе стаўляе польскі націоналістычны клір, або Сынод, або йшчэ хто іншы.