Старонка:На дарозе да новага жыцьця (1912).pdf/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

як „рускі“, „расеец“ і „праваслаўны“. Беларусы йшчэ дагэтуль памятаюць, як ім „адбіралі“ рэлігію (скасаваньне уніі), і, каб мацней звязацца с тэй рэлігіей, да якой цепер належаць, стараюцца адзначываць усюды сваю бытцым то прыналежнасьць да палякаў, або да расейцаў. На такім ґрунце нарадзілася жаданьне адрэкціся ад беларушчыны, нарадзілася пагарда да ўсяго роднага: да сваей мовы, да братоў-сермяжнікаў, каторые йшчэ дзержацца яе, да ўсяго „простаго“, „мужыцкаго“.

Аб тым, як у вачах беларусаў польшчына і каталіцтва моцна звязаны, сьведчаць такіе факты, як запіс 58 тысяч чыстакроўных беларусаў-селян Віленскай губэрні на валасных сходах палякамі толькі затым, што яны каталікі (— пры перапісі, зробленай тутака ў часі апрацаваньня закону аб земстві), як разгромы народных школ, дзе вучыцелі не хацелі беларусаў-каталікоў запісываць палякамі („январская школьная перепісь“). Падобных фактаў можна было-бы знайсьці бяз ліку, але і гэтых даволі!

Здаецца, варункі жыцьця беларусаў павінны былі ў канцы зусім раздзяліць гэты народ на дзьве часьці павэдлуг рэлігіі с тым, што каталікі і па мове і па культуры зрабіліся бы папраўдзі палякамі, праваслаўные — расейцамі, зліўшыся з велікарускім народам. Гэтак яно напэўна і было-бы, каб не нарадзіўся беларускі національны рух.

Гэты рух зразу адбіўся на ўсіх бакох жыцьця беларусаў. Пачалася работа і над распалячэньнем касьцёла с тэй мэтай, каб на мейсца польскай мовы завясьці беларускую. Але ў той момэнт, калі на гэтай дарозе беларусы рабілі першые крокі, на беларускую національную справу асаблівую ўвагу звярнулі расейскіе „націоналісты“. Для „націоналістаў“ справа адраджэньня беларусаў паказалася больш „небяспечнай“, чым іх апалячэньне; вось яны і паднялі аґітацію, каб урад налажыў на справу аб мове ў касьцёлі сваю руку, каб сам узяўся за распалячэньне касьцёла, але ужо с тэй мэтай, каб польскую мову замяніць не на беларускую, а расейскую.