Старонка:На дарозе да новага жыцьця (1912).pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

вёсцы яны — чужые: між імі і іх сермяжнымі братамі вырасла бытцым высокая каменная сьцена. Але мінулае самабытнае жыцьцё беларусаў не прайшло бяз сьледу, національная душа іх не дарма гартавалася сталецьцямі: яна, ня гледзячы ні на што, не замёрла зусім, і народ перэхаваў яе жывой да нашых дзён разам з роднай мовай, з усімі національнымі асаблівасьцямі.

Хто добра ўдумаецца ў тое, што кажэ нам гісторыя, хто ўслухаецца ў біцьцё сэрца народнаго, той убачыць, што нават і ў двухсотлетнім летаргічным сьне беларускі народ даваў знакі жыцьця. Ніякая дэнаціоналізація не магла зусім забіць національнай душы нават у апалячэнай, ці абрусеўшай інтэліґенціі. Вытворэная сталецьцямі індывідуальнасць беларускаго народу выяўлялася ў тым, што беларусы, каторых захапіла польская, або расейская цывілізація, ўносілі свае національные асаблівасьці ў культурную скарбніцу палякаў і расейцаў і гэтак кіравалі ў той, або іншы бок далейшае развіцьце культуры абодвых названых народаў, хаця іх цывілізація стаіць куды вышэй за сучасную цывілізацію беларусаў. Гэтак ведама ўсім, якое вялікае значэньне мелі ў сваім часе творы Адама Міцкевіча для формованьня польскай національнай душы; а Міцкевіч, каторы выйшоў з апалячэнай беларускай шляхоцкай сямьі, каторы радзіўся і ўзрос на Беларускай зямлі, быў усей сваёй псыхікай неразрыўна звязаны з ёю і з народам беларускім і адбіваў у сабе самым беларускую національную душу. Такіх імён было і ёсць багата, і німа ў гэтым ніякаго дзіва: беларусы, працуючы пры будоўлі польскай культуры, хаця і несьвядома, павінны былі ўнасіць у яе свае національные зачаткі. Ня будзем даказываць, што і абрусеўшые беларусы сур’ёзна прылажылі сваю руку да вызначэньня дарогі, па якой пайшло развіцьце расейскай культуры: прызнаюцца да гэтаго самі расейцы, а проф. Овсяніко-Куліковскій аткрыта кажэ, бытцым праца беларусаў і украінцаў пры будаваньні расейскай культуры была чуць-што ня роўная працы велікарусаў (гл. кніжку яго: „Н. В. Гоголь“. Изд. „Вѣстн. Восп.“ 1903 г.).