Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/98

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Неба блакітнае, паміж лісьця каштанаў узвышаецца зялёная званіца царквы св. Маргарыты.

Тут добра, і мне падабаецца ўсё гэта. Але з людзьмі я ня ўмею ладзіць. Адзіная, хто ні пра што ня пытаецца, гэта мая маці. Але ўжо з бацькам справа іншая. Яму хочацца, каб я расказаў пра тое, што робіцца на фронце, яго жаданьні здаюцца наіўнымі і неразумнымі, у мяне няма ўжо з ім агульнае мовы. Ён бесьперастанку хоча што-небудзь слухаць. Я разумею, — што ён ня ведае, што пра гэткія рэчы нельга расказваць, і мне таксама хочацца зрабіць яму прыемнае, але я баюся пераводзіць гэтыя факты на словы, я баюся, што яны вырастуць да вялізных памераў, і тады я ўжо ня здолею асіліць іх. Што было-б з намі, калі-б мы ўсьвядомілі ўсё, што адбываецца там, наперадзе?..

Такім чынам, я абмяжоўваюся толькі тым, што расказваю яму некалькі вясёлых гісторый. Але ён цікавціцца ці ўдзельнічаў я ў ручным баі. Я кажу, што не, і ўзьнімаюся, каб пайсьці. Аднак гэта не пасабляе. На вуліцы, дзе я некалькі разоў здрыгануўся, таму што рып трамваю нагадвае мне набліжэньне гранат, нехта спыняе мяне, ляснуўшы мяне ззаду па плячы. Гэта мой настаўнік нямецкае мовы, які накідваецца на мяне са звыклым пытаньнем:

— Ну, як там справы? Жудасна, жудасна, ці-ж няпраўда? Так, гэта цяжка, але мы павінны трымацца. У вас там, прынамсі, усяго хапае, як я чуў. Вы добры маеце выгляд. Паўль, вы паправіліся. Тут, вядома, горш і гэта цалкам зразумела: лепшае-ж мы заўсёды аддаем сваім салдатам!..

Ён цягне мяне да свайго стала. Мяне з пашанай прымаюць, нейкі дырэктар працягвае мне руку і гаворыць:

— Дык вы прыбылі з фронту? Ну, які там настрой? Добры, добры, праўда?..

Я тлумачу яму, што кожнаму хочацца дахаты.

Ён голасна рагоча:

— Я думаю! Але спачатку трэба прыціснуць француза! Вы курыце? Вось бярэце, калі ласка! Обэр, прынясеце нашаму маладому воіну піва!

Нажаль, я прыняў цыгару, таму мушу застацца. Усе гэтак зычлівыя да мяне, супроць гэтага нічога ня скажаш. Ня гледзячы на гэта, я адчуваю сябе раздражлівым і з асаблівай пасьпешнасьцю зацягваюся і пушчаю дым. Каб, прынамсі, не застацца бяз справы, я