— Вам, напэўна, жадаецца тут завесьці прыфрантовыя парадкі? Што? Гэта вам так ня мінецца. Тут, хвала богу, яшчэ пануе парадак!
Ён камандуе:
— Дваццаць крокаў назад, крокам марш!
Я ўвесь дрыжу ад абурэньня. Але я нічога не магу супроцьставіць майёру: ён загадае арыштаваць мяне, варта яму толькі пажадаць. Я адлятаю назад, падыходжу да яго, не даходзячы на шэсьць крокаў, аддаю яму чэсьць па ўсіх правілах і апушчаю руку толькі пасьля таго, як прайшоў шэсьць крокаў.
Ён зноў кліча мяне і цяпер спагадліва паведамляе мне, што на гэты раз ён зьмяняе гнеў на ласку.
Я раблю выгляд, што я вельмі ўдзячны.
— Ідзеце! — камандуе ён.
Я бяру налева кругом і адыходжу.
Гэта мне сапсавала вечар. Я сьпяшаюся дахаты, скідаю ў куток абмундыраваньне. Адылі, гэта і так уваходзіла ў мае пляны. Потым я выцягваю з камоды маю цывільную вопратку і апранаюся.
Я зусім адвык ад яе. Гарнітур зрабіўся мне крыху закароткі і завузкі: я вырас на вайсковай службе. Я дазнаюся цяжкасьцяй з каўнерыкам і гальштукам. Нарэшце сястра завязвае мне гальштук.
Які лёгкі гэты гарнітур! Адчуваеш сябе так, нібы на табе тоькі сподні ды кашуля.
Я аглядаюся ў люстры. Дзіўнае відовішча! На мяне з зьдзіўленьнем глядзіць загарэлы, некалькі ўзросшы конфірманд.
Маці цешыцца, што я апрануўся ў цывільнае: ад гэтага я ёй выдаюся больш блізкім. Аднак, майму бацьку было-б больш прыемна, калі-б я застаўся ў вайсковай форме. Яму жадалася, каб я так пайшоў да яго знаёмых. Але я адмаўляюся.
Добра дзе-небудзь спакойна сядзець, напрыклад, насупраць, у садзе рэсторанчыка, пад каштанамі, ля кегельбану. Лісьце падае на стол і на зямлю. Яго яшчэ ня шмат. Гэта толькі першае. Перад мной стаіць шклянка з півам: на вайсковай службе прызвычаішся піць. Шклянка напалову ’шчэ поўная, у мяне яшчэ ёсьць некалькі прахалодных глыткоў і, апрача таго, калі я пажадаю, — магу загадаць сабе яшчэ і другую шклянку, і трэцюю. Тут не прадбачыцца ні трывогі, ні гураганнага агню. Гаспадаравы дзеці гуляюць на кегельбане, а гаспадараў сабака паклаў мне галаву на каленкі.