Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/99

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

адным разам выпіваю шклянку піва. Мне зараз-жа даюць другую: гэтыя дюдзі ведаюць, што яны абавязаны салдату. Яны спрачаюцца, якія мы павінны правесьці анэксіі. Дырэктар з жалезнай цэпкай на гадзіньніку хоча забраць больш за ўсіх: усю Бэльгію, вугальныя раёны Францыі і вялікія кавалкі Расіі. Ён прыводзіць важкія довады, чаму мы павінны ўсё атрымаць, і застаецца непахісным да тэй пары, пакуль астатнія не згаджаюцца з ім. Пасьля ён пачынае паказваць, дзе трэба зрабіць прарыў у Францыі, і ўвесь час зварочваецца да мяне:

— Вы толькі пасуньцеся там крыху наперад з нашай адвечнай пазыцыйнай вайной. Выбівайце іх хутчэй, тады будзе мір.

Я адказываю, што на нашу думку прарыў немагчымы. У іх там занадта вялікія рэзэрвы. Акрамя таго, вайна — нешта іншае, чым тут мяркуюць.

Ён пераканаўча пярэчыць і даводзіць мне, што я нічога ў гэтым не разумею.

— Вядома, кожны чалавек у паасобку… — гаворыць ён, — але тут справа залежыць ад суцэльнага. Вы-ж аб гэтым ня можацё меркаваць. Вы бачыце толькі свой маленькі вучастак, і таму вы ня маеце кругавіду. Вы выконваеце свой абавязак, вы ахвяруеце сваё жыцьцё. Гэта годна вялізарнейшай пахвалы: кожны з вас заслугоўвае па жалезным крыжы, але перш за ўсё трэба прарваць варожы фронт у Фляндрыі, а пасьля зматаць яго зьверху.

Ён сапе і выцірае сваю бараду.

— Яго трэба тут зматаць, з гары да нізу, а пасьля на Парыж!

«Хацеў-бы я ведаць, як ён сабе гэта ўяўляе?» — думаю я і перакульваю трэцюю шклянку піва; ён зараз-жа заказвае прынесьці мне чарговую.

Але я ўстаю. Ён суне мне ў кішэню ’шчэ некалькі цыгар і адпушчае мяне з сяброўскім пашлёпваньнем па плячы:

— Усяго найлепшага! Спадзяюся хутка пачуць ад вас што-небудзь цікавага.

Я ўяўляю сабе водпуск інакшым. Год назад гэта і было інакшым. Вядома, я зьмяніўся за гэты час. Між цяперашнім і ранейшым ляжыць цэлая бездань. Тады я яшчэ ня ведаў вайны. Мы займалі больш спакойныя вучасткі. Цяпер я заўважваю, што, сам таго ня ведаючы, страшэнна змардаваўся. Адны пытаюцца, другія ня пытаюцца, і з выгляду іх бачна, што яны ганарацца гэтым; іншы раз