Трапятлівая клапатлівасьць маткі зноў зьвяртае мне спакой. Цяпер я зноў магу рухацца і гутарыць, прыслухоўвацца да слоў, не баючыся што мне прыдзецца раптам прытуліцца да сьцяны, таму што сьвет стане раптоўна мяккім як гума, і жылы нямоцнымі як цэра.
Мая маці хоча ўстаць. Я іду ў кухню да сястры.
— Што з ёй? — пытаюся я ў сястры.
Яна паціскае плячыма.
— Яна ўжо два месяцы ляжыць, але нам загадалі ня пісаць табе пра гэта. У яе было некалькі дактароў. Адзін сказаў, што гэта ўсё-ж ткі рак.
Я накіроўваюся да акруговага коменданта на яўку. Паволі іду я па вуліцах. Там-сям хто-небудзь заводзіць са мной гутарку. Я затрымліваюся не надоўга, бо мне ня хочацца шмат гаварыць.
Калі я зварочваюся з казармы, я чую як мяне нехта кліча. Я абарочваюся, увесь ахоплены думкамі, і стыкаюся з майёрам. Ён накідваецца на мяне:
— Вы што, ня ўмееце браць пад казырок?
— Прабачце, пан майёр, — кажу я ў замяшаньні, — я вас не заўважыў.
Ён крычыць яшчэ галасней:
— Вы да таго-ж ня ўмееце выказвацца прыстойна.
Мне хочацца ўдарыць яго па твары, але я бяру сябе ў рукі, інакш мой водпуск пойдзе прахам. Я станаўлюся ва фронт і кажу:
— Я не заўважыў пана майёра.
— Тады прашу быць уважлівей! — кідае ён. — Як ваша прозьвішча?
Я дакладваю.
Яго чырвоны, грубы твар усё яшчэ ўзбураны.
— Якой часьці?
Я рапортую па статуце. Але яму ўсё яшчэ недастаткова.
— Дзе стаіцё?
Але цяпер ужо з мяне хапае і я кажу:
— Паміж Лянгемаркам і Біксшутам.
— Як гэта? — пытаецца ён, крыху зьбіты з панталыку.
Я тлумачу яму, што з гадзіну таму назад прыбыў у водпуск, і спадзяюся, што пасьля гэтага ён ад мяне адчэпіцца. Але я памыляюся. Ён яшчэ больш шалее.