Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/88

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Яны зьнікаюць і праз некалькі хвілін выкідаюць нам часткі вопраткі, якімі мы як-небудзь прыкрываемся. Пасьля гэтага нам дазваляюць увайсьці. У пакоі гарыць невялікая лямпа, цёпла і зьлёгку пахне парфумай. Мы разгортваем нашы скруткі і перадаем ім. У іх запальваюцца вочы: відаць, што яны галодныя.

Пасьля гэтага мы ўсе адчуваем некаторую замяшанасьць. Леер гэстамі паказвае, што трэба есьці. Тады зноў наступае ажыўленьне. Яны прыносяць талеркі, нажы і накіроўваюцца на прынесеныя рэчы. Перад тым як зьесьці кожны кавалачак каўбасы, яны спачатку зьдзіўлена ўзьнімаюць яго ўгару, а мы горда сядзімо тут-жа.

Яны засыпаюць нас словамі на сваёй мове. Мы разумеем вельмі мала, але мы адчуваем, што словы іх прыязныя. Магчыма мы паказваемся ім вельмі маладымі. Танклявая брунэтка гладзіць мяне па валасох і гаворыць тое, што звычайна гавораць усе францускія жанчыны:

— La querre — grand malheur, pouvres garsons[1].

Я моцна трымаюся за яе руку і прыціскаюся ротам да яе далоні. Пальцы ахопліваюць мой твар. Зусім блізка нада мной яе вочы, кволая смуглявасьць скуры і чырвоныя вусны. Рот кажа словы, якіх я не разумею. Я таксама ня зусім разумею яе вочы: яны кажуць больш, чымся мы чакалі, калі ішлі сюды.

Побач ёсьць яшчэ пакоі. Праходзячы, я бачу Леера, які абдымае блёндынку. Ён трымае сябе шумна. Ён ведае чаго хоча. Але я… я ахоплены чымсьці далёкім, патаемным і імпэтным, і цалкам аддаюся яму. Мае жаданьні — гэта дзіўная сумесь патрэбы і зьбянтэжанасьці. У мяне пачынае кружыцца галава. Тут няма нічога такога, што магло-б мяне падтрымаць. Нашы боты мы пакінулі перад дзьвярыма, замест іх нам далі пантофлі, і вось цяпер не засталося нічога, што нагадвала-б мне аб упэўненасьці і дзёрзкасьці салдата: няма ні зброі, ні портупэі, ні мундзіра, ні фуражкі. Я апушчаюся ў невядомае. Хай будзе як будзе, таму што мне ўсё-ж крыху страшна, ня гледзячы ні на што.

Танклявая брунэтка кратае брывамі, калі задумаецца, але яны зусім нярухомыя, калі яна гаворыць. Момантамі яе голас ня выліваецца ў словы і траціцца зусім, або праносіцца паўз мяне: дуга, шлях, комэта. Што ведаю я пра ўсё гэта, што ведаў я пра ўсё? Словы гэтае

  1. Вайна — вялікае няшчасьце, бедныя хлопчыкі.