Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/87

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Т’ядэн падае на саламяны матрац і пачынае храпець. Раптам ён прасынаецца і гэтак хітра захмыляецца, што мы путаемся і думаем, што ён прыкінуўся п’яным, і мы дарэмна выдаткаваліся на пунш. Але ён адкідаецца і працягвае храпець.

Кожны з нас бярэ па цэлай баханцы салдацкага хлеба і загортвае яе ў газэтную паперу. Мы бярэм з сабой і папяросы і, апроч таго, тры добрых порцый лівэрнай каўбасы, атрыманай сёньня ўвечары. Гэта зусім прыстойны падарунак.

Спачатку мы засоўваем усе рэчы ў боты, боты мы павінны ўзяць з сабой, каб там на беразе не напароць ногі на дрот або чарапкі. Нам прыдзецца плысьці, а таму мы ня можам захапіць з сабой вопратку. Адылі, ужо цёмна, ды ісьці недалёка.

Мы выступаем, нясучы боты ў руках. Мы шпарка спаўзаем у ваду, кладземся на сьпіну і плывем, трымаючы боты з іх зьмесьцівам над галовамі.

На тым беразе мы асьцярожна вылазім, вымаем скруткі і нацягваем боты. Рэчы мы бярэм пад паху.

Так, мокрыя, голыя, у адных ботах, мы трушком адпраўляемся ў дарогу. Мы адразу знаходзім дом: ён цямнее сярод кустоў. Леер падае, спатыкнуўшыся на пень, і расьсякае сабе локаць. — Нічога! — гаворыць ён бясклопатна. Вокны зачынены вакяніцамі. Мы цікуем вакол дому і імкнемся заглянуць у шчыліны. Пасьля мы трацім цярпеньне. Кроп раптоўна робіцца нерашучым:

— А што, калі ў іх там зараз які-небудзь маёр?

— Тады мы дамо ходу, — сьмяецца Леер! — Хай ён прачытае вось тут нумар нашага палка! — І ляскае сябе па азадку.

Уваходныя дзьверы адчынены. Нашы боты нарабілі шуму. Нейкая дзьвер адчыняецца, за ёй мільгае сьвятло. Напужаная жанчына крычыць. Мы гаворым: — Pst, pst! Camarade, bon ami![1] і прысягаючыся ўзьнімаем угору нашы скруткі.

Дзьверы расчыняюцца насьцеж — сьвятло сьлепіць нас, а пасьля мы бачым і двух іншых. Нас пазнаюць, і тры жанчыны рагочуць, аж заходзяцца, з нашага выгляду. Яны так рагочуць, што прысядаюць і курчацца, стоячы ля вушака дзьвярэй. Якія ў іх гнуткія рухі.

— Un moment![2]

  1. То, то. Таварыш, добры прыяцель.
  2. Хвіліначку.