Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/89

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

мовы, якія я ледзь разумею, напаўняюць мяне спакоем, у гэтым спакоі зьнікае цынамонавы, напалову асьветлены пакой, і толькі твар нада мной жыве, застаючыся ясным.

Які шматгранны твар, што яшчэ поўгадзіны назад быў чужым, а цяпер поўны пяшчоты, якая зыходзіць не ад яго, а ад начы, ад сьвету, ад крыві, які як-бы злучыліся ў ім у адно.

Прадметы ў пакоі зьмяняюць выгляд. Яны робяцца дзіўнымі, і я адчуваю амаль пашану да маёй белай скуры, калі на яе падае сьвятло ад лямпы і калі яе гладзіць халаднаватая смуглявая рука.

Як ўсё гэта не падобна на тое, што адбываецца ў салдацкіх публічных дамох, куды нас адпушчаюць, і дзе стаіш у доўгай чарзе. Мне ня хочацца думаць пра іх, але незалежна ад маёй волі паўстае ў памяці, і я палохаюся ад думкі, што я магчыма ўжо ніколі не змагу пазбавіцца такіх успамінаў.

Пасьля я адчуваю вусны танклявай брунэткі, цягнуся да іх насустрач, закрываю вочы і жадаў-бы, каб усё зьнікла: вайна і жудасьць, і подласьць, і каб я прачнуўся маладым і шчасным. Я згадваю вобраз дзяўчыны на афішы, і на сэкунду мне здаецца, што ад стрэчы з ёй залежыць маё жыцьцё.

І я яшчэ глыбей апушчаюся ў абдымкі, якія мяне ахопліваюць — магчыма, здарыцца цуд.

Нейкім чынам мы зноў разам. Леер вельмі вясёлы. Мы сардэчна разьвітваемся і ўлазім у свае боты. Ночнае паветра ахаладжвае нашы распаленыя целы. З цемразі выступаюць агромністыя таполі і шумяць лісьцем. Месяц высока ў цебе і ў вадзе каналу. Мы не бяжым, мы ідзем побач павольным крокам.

Леер кажа:

— За гэта ня шкода і цэлай баханкі!

Я не магу адважыцца загаварыць, я нават не адчуваю радасьці.

Раптам мы чуем крокі і хаваемся ў хмызьняку.

Крокі набліжаюцца і падыходзяць усутыч да нас. Мы бачым голага салдата ў ботах. Так як і мы, ён нясе скрутак пад пахай, і галёпам сьпяшаецца наперад. Гэта Т’ядэн у поўным парадзе. Але ён ужо зьнік.

Мы сьмяемся. Заўтра ён будзе лаяцца на нас.

Нікім не заўважаныя, мы дабіраемся да сваіх саламяных матрацаў.

Мяне выклікаюць у канцылярыю. Ротны камандзір дае мне адпускны білет і пасьведчаньне на білет. Ён жадае мне шчаснай дарогі.