Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/80

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ці мінаюць тыдні, ці месяцы, гады? Па бескаляровых тварах канаючых мы бачым як ляціць час ля нас, мы ядзім, бяжым, кідаем гранаты, страляем, забіваем, кладземся, мы паслаблі і атупелі і нас падтрымлівае толькі тое, што тут ёсьць яшчэ больш слабыя, больш атупелыя, больш бездапаможныя, якія шырока расчыненымі вачмі глядзяць на нас, як на багоў, бо мы іншы раз умеем унікнуць сьмерці.

У нязначныя лікам гадзіны спакою мы інструктуем іх:

— Бачыш той гаршчок, што ляціць? Гэта — міна! Заставайся на месцы: яна праляціць паўз цябе. Калі-ж яна ляцела-б вось так, тады трэба было-б бегчы! Ад яе можна ўбегчы!

Мы прывучаем іх слых да крывадушнага гудзеньня дробных знарадаў, яны павінны пазнаваць іх па гуку, які падобны на камарыны сьпеў; мы імкнемся ім давесьці, што яны небясьпечныя, небясьпечнейшыя, чым буйныя знарады, якія чутны здалёк. Мы паказваем ім, як трэба хавацца ад аэроплянаў, як прыкідвацца мерцьвякамі, калі атакаваўшыя выбіваюць нас з позыцый, як вырываць запал з ручных гранат, каб яны рваліся за паўсэкунды да паданьня; мы навучаем іх як трэба з хуткасьцю маланкі хавацца ў варонцы; мы паказваем ім як разбураць акоп скруткам ручных гранат; мы растлумачваем ім розьніцу паміж гранатамі прапіўніка і нашымі і працягласьць іх згараньня; мы зьвяртаем іх увагу на асаблівы гук знарадаў з атрутнымі газамі, навучаем іх хітрыкам, якія могуць выратаваць іх ад сьмерці.

Яны слухаюць і гатовы пераймаць нашу навуку, але калі надыходзіць час прыстасаваць яе да справы, — ад хваляваньня і страху яны ўсё робяць ня так.

Гайе Вэстгуса выносяць з разадранай сьпіной; пры кожным удыху скрозь рану пульсуе лёгкае. Я пасьпяваю паціснуць яму руку.

— Скончана, Паўль! — стогне ён і ад болю кусае сабе рукі.

Мы бачым, як людзі працягваюць жыць з ададранымі чарапамі; мы бачым, як бягуць салдаты, у якіх адарваны ногі; мы спатыкаемся на чалавечыя адрубкі, ратуючыся ў бліжэйшай яміне; адзін яфрэйтар прапоўз два кілёмэтры на руках, цягнучы за сабой расьціснутыя каленкі, другі ішоў на перавязачны пункт і рукой падтрымліваў вантробы, што вывальваліся з жывата; мы бачым людзей бяз роту, бяз ніжняй сківіцы, бяз твару; мы сустракаем аднаго, які на працягу двох гадзін заціскае зубамі артэрыю на сваёй руцэ, каб не