Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/78

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Гэтая моладзь амаль што нічога з усяго гэтага ня ведае. Яна гіне, таму што ня ўмее адрозьніць шрапнэль ад гранаты. Маладыя новабранцы падаюць, як касой падрэзаныя, таму што ў сьмяртэльным страху хаваюцца ад рову бясьпечных вялікіх чамаданаў, якія кладуцца далёка пазадзі, але тымчасам ня чуюць ціхага сьвісту- гудзеньня дробных знарадаў, што ляцяць проста ў акоп. Яны, як авечкі, ціскаюцца адзін да аднаго, замест таго, каб разьбегчыся па бакох, і нават параненых іх яшчэ прыстрэльваюць, як зайцаў, з аэроплянаў.

Гэтыя зьбялелыя, падобныя да рэпы, твары, рукі, якія жалка чапляюцца, поўная адчаю харобрасьць гэтых няшчасных хлапчукоў, якія ня гледзячы ні на што ідуць наперад і атакуюць; бедныя хлапчукі да таго запужаны, што яны не адважваюцца голасна крычаць і з раздзёртымі грудзьмі і з распоратымі чэравамі, з адарванымі нагамі і рукамі заклікаюць сваю матку і адразу змаўкаюць, як толькі на іх глянем.

Іх мёртвыя, пахаладзелыя, загостраныя твары маюць тую жудасную адсутнасьць выразу, якая бывае ў мёртвых дзяцей.

Пачынае ляскатаць у глотцы, калі бачыш, як яны ўскокваюць, бягуць і падаюць. Хочацца іх біць за тое, што яны такія дурныя, і хочацца ўзяць іх на рукі і панесьці адсюль, бо ім няма чаго тут рабіць. На іх надзеты шэрыя курткі, штаны і боты, але ў большасьці абмундыраваньне завялікае, яно вісіць на іх мехам, плечы іх вельмі вузкія, целы вельмі малыя, не знайшлося такога абмундыраваньня, якое-б было да меркі гэтым дзецям.

На аднаго старога салдата прыпадае пяцьдзесят новабранцаў.

Раптоўная газавая атака ўносіць шмат каго з іх. Яны зусім не ўяўляюць, што іх чакае. У адным з бліндажоў мы знаходзім цэлы натоўп іх з сінімі тварамі, з счарнелымі вуснамі. У аднэй варонцы яны завельмі рана скінулі з сябе маскі; яны ня ведалі, што газ больш за ўсё трымаецца ля самай зямлі; калі яны пабачылі другіх бяз масак на гары, яны зьдзёрлі свае маскі і так наглыталіся газу, што спалілі сабе лёгкія. Іх становішча безнадзейна, яны з-за няведаньня гінуць у крывавых сутычках і ад задушлівых газаў.

У адным акопе я зьнячэўку спаткнуўся з Гімэльштосам. Мы ратуемея ў тым самым бліндажы. Затаіўшы дых, мы ўсе ляжым адзін ля аднаго і чакаем пачатку атакі.