Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/77

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Пацукі ўжо ня турбуюць нас у акопах. Яны бегаюць там наперадзе — мы ведаем чаму. Яны тлусьцеюць. Калі мы прыкмячаем аднаго з іх, мы адразу-ж прыстрэльваем яго. Уначы мы зноў чуем грыменьне за позыцыямі ворага. На працягу дня нас абстрэльваюць звычайным агнём, — таму мы можам заняцца прыборкай акопаў. Забаўкі ў нас таксама ёсьць: на гэта турбуюцца лётнікі. Шматлікія паветраныя бойкі штодня маюць сваіх гледачоў.

Зьнішчальнікі нам падабаюцца, але выведныя самалёты мы ненавідзім, як чуму, бо яны наклікаюць на нас артылярыйскі агонь. Праз некалькі хвілін пасьля іх зьяўленьня нас пачынаюць абсыпаць шрапнэльлю і гранатамі. У выніку аднаго дня мы трацім адзінаццаць чалавек, у тым ліку пяцярых санітараў. Двое з іх так пакрышаны, што Т’ядэн сьцьвярджае нібы іх можна саскрэбці са сьценак акопаў лыжкай і пахаваць у кацялок. У другога адарвана ніжняя частка жывата разам з нагамі. Ён упёрся, мёртвы, грудзьмі ў акоп. Яго твар жоўты, як цытрына. У вуснах яшчэ дыміць папяроска. Яна дыміць аж да тае пары, пакуль ня гасьне на губах.

Мы часова кладзем забітых у вялікую варонку. Яны ўжо ляжаць у тры рады адзін на адным.

Зьнянацку зноў пачынаецца гураганны агонь. Мы зноў сядзімо ў напружанай скамянеласьці бязьдзейнага чаканьня.

Атака, контр-атака, наступленьне, контр-наступленьне — усё гэта словы, але што яны хаваюць за сабой! Мы страчваем шмат людзей, у большасьці новабранцаў. На наш вучастак зноў пасылаецца папаўненьне. Гэта адзін з новых палкоў, амаль цалкам з маладых людзей апошніх прызываў. Яны не атрымалі ніякай падрыхтоўкі, а прайшлі толькі некалькі тэорытычных практыкаваньняў, раней чымся трапілі на фронт. Яны, праўда, ведаюць, што такое ручная граната, але аб заслоне яны ня маюць ніякага ўяўленьня, а, галоўнае, яны ня ўмеюць адшукваць яе. Грудок мусіць быць, прынамсі, на паўмэтры ўвышкі, каб яны маглі яго прыкмеціць.

Хоць мы і маем вялікую патрэбу ў папаўненьні, але новабранцы надаюць нам куды больш клопатаў, чым карысьці. Ва ўсіх атаках яны бездапаможныя і гінуць як мухі. Сапраўдная позыцыйная вайна патрабуе ведаў і практыкі, трэба ўмець прыстасоўвацца да мясцовасьці, трэба ўмець распазнаваць палёт знарадаў, трэба загадзя ведаць куды яны трапяць, як яны расьсяюцца і як бараніцца ад іх.