Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/76

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

з варонак, якія выдаюцца сумясьсю з хлёраформу і гніцьця і выклікаюць у нас млоснасьць і ванітаваньне.

Ночы зрабіліся пакойнымі, і ў нас пачынаецца паляваньне на мядзяныя кольцы ад гранат і на шоўкавыя парашуты францускіх ракет. Чаму так цэняцца трубкі ад знарадаў, ніхто, ўласна кажучы, ня ведае. Тыя, што назапашваюць іх, проста сьцьвярджаюць, што яны вельмі каштоўны. Ёсьць людзі, якія набіраюць іх столькі, што праз сілу кульгаюць пад іхным цяжарам назад з акопаў.

Гайе, прынамсі, мае на гэта свае прычыны: ён хоча паслаць іх сваёй нарачонай замест падвязак для панчох. Гэта выклікае ў фрысьлянцаў нястрыманую вясёласьць; яны пляскаюць сябе па каленках: ну і жартаўнік гэты Гайе, да д’ябла, хіцёр хлапец! Асабліва Т’ядэн ніяк ня можа ўціхамірыцца; ён бярэ самае вялікшае кольца і штохвілінна прасоўвае ў яго сваю нагу, каб давесьці, сколькі яшчэ застаецца свабоднага месца.

— Гайе, паслухай, ну і ногі ў яе павінны быць! — Яго думкі забіраюцца некаль вышэй. — І азадак-жа ў яе павінен быць, як у сланя!

Ён ніяк ня можа дайсьці да меры.

— Вось з гэткай я-б з ахвотай пагуляў у пляскачкі.

Гайе зьзяе з таго, што яго маладая прыцягвае да сябе столькі ўвагі; ён самадавольна і каротка абвяшчае:

— Ядраная штучка!

Шаўковыя парашуты можна было-б скарыстоўваць больш практычна. З трох або чатырох можна пашыць блюзку, гледзячы па памеры грудзей. Кроп і я карысталіся імі як насоўкамі. Астатнія пасылаюць іх дахаты.

Калі-б жанчыны бачылі, з якой небясьпекай дастаюцца гэтыя тонкія анучкі, яны-б жахнуліся.

Кат прысьпеў Т’ядэна, калі той з поўным спакоем спрабуе зьбіць кольцы з знараду, які не парваўся. У кожнага другога ён абавязкова выбухнуў-бы, але Т’ядэну, як заўсёды, шанцуе.

На працягу ўсяго раньня перад нашымі акопамі пырхаюць два матылі. Іх жоўтае крыльле ўкрыта чырвонымі кропкамі. Што толькі магло прывабіць іх сюды? Нідзе ня бачна ніводнай расьліны, ніводнай кветкі. Яны садзяцца на зубы аднаго з чэрапоў. Так бесклапотны, як яны, і птушкі, якія даўно ўжо прызвычаіліся да вайны. Кожнае раніцы між акопаў узносяцца ўгару жаўранкі. Летась мы нават назіралі, як яны выседжвалі яйкі і выводзілі пісклят.