Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/73

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Яны гэтак спакойны, таму што яны незразумелы для нас. На фронце няма спакою, і ўлада фронту даходзіць так далёка, што мы ніколі ня выходзім з яе межаў. Нават у аддаленых рэзэрвах і на адпачынку вушы нашы не пераставалі чуць гул знарадаў і заглушанае гудзеньне агню. Мы ніколі ня былі гэтак далёка ад фронту, каб яго ня чуць. Аднак апошнімі днямі грохат канонады быў нязносным.

Ціша была прычынай таго, што вобразы мінулага выклікалі ў нас ня столькі жаданьняў, сколькі суму, — няўважнай, бязвыходнай тугі. Яны былі, але яны ня зьвернуцца назад. Яны — у мінулым, яны — іншы сьвет, які для нас зьнік. На казарменным двары яны выклікалі ў нас бурнае палкае жаданьне зьвярнуцца да іх. Тады яны былі яшчэ зьвязаны з намі, мы належалі да іх, і яны — да нас, хоць мы і былі разлучаны адзін ад аднаго. Яны ўставалі ў салдацкіх песьнях, якія мы расьпявалі, калі накіроўваліся ў поле на заняткі. Між золаку і чорнага сылюэту лесу яны былі палкімі ўспамінамі, якія жылі ў нас і зыходзілі ад нас.

Але тут, у акопах, яны для нас згублены. Яны ўжо ня зыходзяць ад нас: мы мёртвыя, і яны мігцяць далёка на горызонце. Гэта міраж, загадкавы водблеск, які наведвае нас, якога мы баімося і ў які мы безнадзейна закаханы. Ён моцны, і таксама моцна наша жаданьне, але яно недасяжна і мы гэта ведаем. Яно гэтак-жа дарэмнае, як надзея зрабіцца генэралам.

І нават калі-б нам зьвярнулі іх, гэтыя карціны нашага юнацтва, мы ўжо ня ведалі-б што рабіць з імі. Пяшчотныя і патаемныя сілы, якія мы чэрпалі з іх, ня могуць адрадзіцца зноў. Мы прабывалі-б у іх, любілі-б іх і былі-б расчулены іхняй прысутнасьцю. Але гэта было-б тое самае, як калі-б мы задумаліся перад фотографіяй памерлага таварыша: гэта тыя-ж рысы, той-жа твар, і дні, якія прабаўлены з ім разам, набываюць у нашых успамінах зманлівай жывучасьці. Але ўсё-ж гэта ня ён сам. Мы ня былі-б зьвязаны з тым жыцьцём, як раней. Не ўсьведамленьне яго прыгожасьці і гармонічнасьці прыцягвала нас да іх, але тое агульнае, тое ўсьведамленьне зроднасьці з рэчамі і зьявамі нашага быцьця, якое абмяжоўвала нас і перашкаджала яскрава разумець сьвет нашых бацькоў, бо мы былі па-свойму моцна адданыя ім, і кожная дробязь выдавалася нам як неяк непарыўна зьвязаная з бясконцасьцю. Магчыма, гэта была толькі перавага нашай маладосьці; мы яшчэ ня ўмелі бачыць межаў і нідзе не