Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/74

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дапушчалі абмежаваньняў; у нашай крыві было чаканьне, якое зьлітоўвала нас у адно з бегам нашых дзён.

Цяпер мы пахаджвалі-б сярод малюнкаў нашага юнацтва, нібы вандроўнікі. Мы спалены фактамі, мы навучыліся адрозьніваць, як гандляры, і падначальвацца нязьбежнаму, як мясьнікі. Мы ўжо не бесклапотныя, мы страшэнна абыякія. Мы маглі-б туды зьвярнуцца, але хіба мы маглі-б жыць?

Мы беспарадныя, як дзеці, і дасьведчаны, як старыя, мы грубыя, сумныя і павярхоўныя. Я думаю мы загінулі.

Маім рукам робіцца холадна, па скуры прабягаюць дрыжыкі, а ноч цёплая. Толькі туман халодзіць, гэты няпрыветны туман, які падцікоўваецца да забітых і высмоктвае з іх апошнія рэшткі жыцьця. Заўтра яны будуць бледнымі і зялёнымі, і іх кроў застыне і зробіцца чорнай.

Бесьперапынна ўзьлятаюць усё новыя асьвятляльныя ракеты і кідаюць сваё бязьлітаснае сьвятло на скамянелы ляндшафт, усеены кратарамі і застыглымі камлыгамі, як месяц. Кроў пад маёй скурай улівае ў думкі жах і непакойства. Яны робяцца слабымі і дрыжачымі, яны хочуць цяпла і жыцьця. Яны ня могуць больш цярпець усяго гэтага без пацехі і самападману, яны мяшаюцца перад аголеным малюнкам роспачы.

Я чую стукат кацялкоў і адразу ўзьнімаецца моцная патрэба ў гарачай ежы, яна аблегчыць, супакоіць мяне. Праз сілу я прымушаю сябе пачакаць да зьмены.

Пасьля я іду ў бліндажы і знаходжу там кацялок з кашай. Яна тлуста згатавана і добрая на смак; я неадкладна зьядаю яе. Адылі я ўсё-ж ткі сьцішаны, хоць у іншых настрой узьняўся, бо суняўся агонь.

Мінаюць дні, і кожная гадзіна няўцямная і тымчасам гэтак натуральная. Атакі саступаюць контр-атакам, і паволі большае лік забітых на раскапаным полі паміж акопаў. У большасьці выпадкаў шанцуе дабрацца да параненых, якія ляжаць недалёка ад нас. Але шмат каму з іх даводзіцца доўга-доўга ляжаць, і мы чуем як яны паміраюць.

Аднаго мы дарэмна шукаем два дні ўзапар. Ён напэўна ляжыць на жываце і ня можа павярнуцца. Інакш нельга растлумачыць чаму мы ня можам знайсьці яго: бо толькі калі крычаць з ротам прыціс-