Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/72

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

заставацца адным з сваімі думкамі. Гэта, уласна кажучы, нават і ня думкі; гэта ўспаміны, якія ахапляюць мяне цяпер, пры маёй слабасьці, і ствараюць нейкі дзіўны настрой.

Узьлётваюць асьвятляльныя ракеты, і я бачу малюнак: летні вечар, я стаю пад колёнадай сабору і гляджу на высокія кусты роз, што квітнеюць пасярод невялічкага садочку, дзе пахаваны целы патэраў. Наўкола мяне каменныя вобразы сьвятых. Нікога няма; вялікая ціша ахапіла гэты квітнеючы квадрат саду. Сонца награе тоўстыя шэрыя камні, я кладу на іх руку і адчуваю цяплынь. Над правым кутом чарапічнага даху ўзьнімаецца зялёны купал, які ўразаецца ў матавую, мяккую блакітнасьць вечару. Паміж яркіх асьветленых невялічкіх колён круглай галярэі халаднаваты паўзмрок, які ўласьцівы толькі цэрквам. Я стаю там і думаю аб тым, што ў дваццаць гадоў я буду ведаць самыя хвалюючыя рэчы, што зыходзяць ад жанчын.

Малюнак надзвычай блізкі, ён разчульвае мяне хутчэй, чымся бляднее на сьвятле наступнай ракеты.

Я хапаю сваю вінтоўку і стаўлю яе на новае месца. Руля вільготная. Я моцна агортваю яе і расьціраю вільгаць пальцамі. Там, сярод лугавін, за нашым горадам, ўсьцяж ручаю, узьнімаўся рад старых таполяў. Яны былі бачны здалёк, і, ня гледзячы на тое, што яны расьлі толькі на адным баку, яны называліся тапалёвай алеяй. Яшчэ дзецьмі мы любілі іх, з незразумелае нам прычыны яны вабілі нас да сябе, мы днявалі ля іх і прыслухоўваліся да іх ціхага шолаху. Мы сядзелі пад імі на беразе ручаю і апушчалі ногі ў сьветлы шыбкі струмень вады. Чысты пах вады і мэлёдыя ветру ў таполях панавалі над нашай фантазіяй. Мы іх вельмі любілі і ўспаміны пра гэтыя дні ўсё яшчэ прымушаюць біцца маё сэрца.

Як дзіўна, што ўсе ўспаміны, якія ўзьнікаюць у мяне, маюць дзьве ўласьцівасьці. Яны поўны цішай, гэта самае моцнае, што ў іх ёсьць, і нават тады, калі ў сапраўднасьці гэта ўспаміны пра здарэньні, якія зусім не папоўнены цішай, яны здаюцца мне ўвасабленьнем цішы. Гэта бязгучныя зьявы, якія гавораць мне поглядамі і гэстамі, моўчкі, бяз слоў, і ў іх маўчаньні ёсьць нешта, што ўзрушае, прымушае мяне хапацца за рукаў, за вінтоўку, каб не падпасьці пад гэтую спакусу, у якой хацела-б растварыцца маё цела, уліцца ў непарушаныя сілы, што стаяць пазаду фактаў.