Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/71

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

наперад, не перастаючы кідаць гранаты ў бліндаж, зямля ссоўваецца, грохае, дыміцца, стогне, і мы натыркаемся на сьлізкія кавалкі мяса, на мяккія целы, я падаю на чыйсьці распораты жывот, на якім ляжыць новае, чыстае офіцэрскае кэпі.

Бой прыпыняецца. Сувязь з праціўнікам рвецца. Таму што мы тут ня можам доўга пратрымацца, дык пад заслонай сваёй артылерыі мы адыходзім на свае позіцыі. Ледзь мы пра гэта даведваемся, як з вялікім сьпехам кідаемся да бліжэйшага бліндажу, каб перад адыходам набраць консарваў, галоўным чынам бляшанак са смажанай ялавічынай і маслам.

Мы шчасьліва зварочваемся. Тымчасам праціўнік не пачынае другое атакі. Больш за гадзіну мы ляжым, цяжка дыхаем і адпачываем. Усе маўчаць. Мы да таго змарыліся, што ня гледзячы на моцны голад, забыліся на консэрвы. Толькі з часам мы зноў рабіліся падобнымі да людзей.

Ворага мясныя консэрвы слынны на ўвесь фронт. Яны, часам, служаць нават галоўнай прычынай, якая штурхае нас на напад зьнянацку, бо ўвогуле наша харчаваньне досыць паганае: мы заўсёды галодныя.

Усяго нам пашанцавала захваціць пяць бляшанак. Як добра іх кормяць там, гэта раскоша ў параўнаньні з нашым, калі мы заўсёды галодныя, харчуемся мармалядай з рэпы. Мяса там колькі хочаш, трэба толькі патрапіць узяць яго. Гайе ў прыдатак захапіў тонкі францускі белы хлеб і заткнуў яго за пояс, як лапату. Адзін канец яго крыху ў крыві, але-ж яго можна адрэзаць.

Гэта вялікае шчасьце, што мы можам зараз паесьці: нашы сілы яшчэ згадзяцца нам. Быць наеўшыся таксама важна, як і мець добры бліндаж; таму мы так прагавіта накідваемся на ежу. Яна можа адратаваць наша жыцьцё.

Т’ядэн прыдбаў ужо дзьве пляшкі коньяку. Мы пушчаем у кругавую.

Прайшла вячэрняя праверка. Надыходзіць ноч, з варонак узьнімаецца туман. Здаецца, быццам яміны напоўнены зданьнёвымі таямніцамі. Белая імгла ў жудасьці распаўзаецца наўкола, раней чымся адважыцца пераступіць праз край. Пасьля доўгія пасмы цягнуцца ад варонкі да варонкі.

Халаднавата. Я стаю на варце і пільна гляджу ў ноч. У мяне прыгнечаны настрой, як заўсёды пасьля атакі, і таму мне цяжка