Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/70

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

і гранаты накіраваны супроць нас. Калі мы ня зьнішчым іх, дык яны зьнішчаць нас!

Цынамонавая зямля, разьдзёртая, раскіданая цынамонавая зямля, якая блішчыць пад праменямі сонца. Па ёй соўгаюцца, ня чуючы зморанасьці, глухія да ўсяго аўтоматы. Наша дыханьне падобна да маханьня крыльляў. Нашы губы сухія, галовы цяжэй чымся пасьля начы гульбы, — так нясемся мы наперад; і ў нашых спусташоных, зьдзіраўленых душах балюча адбіваецца вобраз цынамонавай зямлі пад палкім сонцам з ляжачымі на ёй у сугробах салдатамі, якія хапаюць нас за ногі і крычаць, калі мы пераскокваем праз іх.

Мы страчваем усякае пачуцьцё адзін да аднаго, мы ледзь пазнаем таварыша, калі яго постаць прамільгне ў нашых ачмурэлых вачох. Мы нячулыя мерцьвякі, якія дзякуючы нейкім небясьпечным чарам яшчэ могуць бегчы і забіваць.

Адзін малады француз адстае. Яго наганяюць. Ён паднімае рукі. У аднэй у яго рэвольвэр. Не зразумела — зьбіраецца ён страляць ці здавацца, — удар лапаткай расьсякае яму твар. Другі бачыць гэта і спрабуе бегчы. Штых упіваецца яму ў сьпіну. Ён падскоквае, раскідае рукі ў бакі, шырока расчыняе крыклівы рот, хістаецца. На яго сьпіне, вагаючыся, тырчыць штых. Трэці кідае зброю, прысядае, закрыўшы вочы рукамі. Яго пакідаюць у тыле разам з іншымі пленнымі для прыбіраньня параненых.

У часе перасьледваньня мы зьнянацку трапляем у разьмяшчэньне праціўніка.

Мы нясемся да таго блізка ад ворага, што трапляем туды амаль што разам з ім. Дзякуючы гэтаму ў нас мала страт. Пачынае страчыць кулямёт, але ручная граната прымушае яго замаўчаць. Тымчасам гэтых некалькі сэкунд было даволі, каб у нас аказалася пяць чалавек параненых у жывот. Кат ударам прыкладу ператварае ў кашу твар аднаго з сцалелых кулямётнікаў. Другіх мы запорваем раней, чымся яны пасьпелі выхапіць свае ручныя гранаты. Пасьля мы прагна п’ем ваду, прыгатаваную для ахаладжваньня кулямёта.

Паўсюды ляскаюць абцугі для дроту, стукаюць дошкі, якія перакідваюцца праз яміны, мы па вузкіх подступах пранікаем у акопы. Гайе расьсякае сваёй лапатай глотку вялізарнаму французу і кідае першую гранату: на некалькі сэкунд мы прысядзем за бруствэрам, вучастак акопу, што перад намі, пусьцее. Наўскасяк, праз кут, ляціць другая граната і пракладае нам свабодную дарогу. Мы бяжым