Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/68

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

спыніўся, затое пазадзі нас узмоцнена пялёскае загараджальны агонь. Вораг пачынае атаку.

— Ніхто-б ня даў веры, што ў гэтай перакапанай пустэльні могуць быць людзі; але цяпер паўсюды з акопаў паказваюцца сталёвыя шлемы; за пяцьдзесят мэтраў ад нас ужо пастаўлены кулямёт, які зараз-жа пачынае тарахцець.

Драцяныя загарожы зьнішчаны. Але яны дзе-ні-дзе ’шчэ трымаюцца. Мы бачым як набліжаюцца атакуючыя. Наша артылерыя грукаціць. Тарахцяць кулямёты, ляскаюць вінтовачныя стрэлы.

Вораг працярэблівае сабе дарогу да нас. Гайе і Кроп бяруцца за ручныя гранаты. Яны кідаюць іх з вялікай хуткасьцю, іх падаюць ім ужо з аднятымі запаламі. Гайе кідае на шэсьцьдзесят мэтраў, Кроп — на пяцьдзесят. Гэта праверана загадзя і мае вялікае значаэньне. Тыя там, бягучы, ня могуць нам нічога зрабіць, пакуль яны не падыйдуць да нас на трыццаць мэтраў.

Мы бачым скажоныя твары, плюскатыя шлемы. Гэта французы. Яны даходзяць да рэштак драўлянай загарожы, але яны панесьлі ўжо значныя страты. Цэлы рад іх ужо скошаны ля нас кулямётам, але потым у шмат каго з нас робіцца нейкая замінка з зараджаньнем — і вось яны ўжо ля нас.

Я бачу, як адзін з іх наторкваецца на рагатку, высока ўзьняўшы твар. Цела асядае, рукі вісяць, нібы ён зьбіраўся маліцца. Пасьля цела падае назад, і на дроце толькі вісяць адрубкі адарваных рук.

У той момант, як мы кідаемся назад, сьпераду ад нас з зямлі ўзьнімаюцца тры чалавечых твары. Пад адным з шлемаў цёмная загостраная бародка і два вокі, якія нярухома глядзяць на мяне. Я ўзьнімаю руку, але не магу кінуць гранаты ў гэтыя дзіўныя вочы. На працягу аднаго шалёнага моманту ўвесь бой, як цырк круціцца вакол мяне і гэтых двух нярухомых вачэй. Пасьля галава насупраць выпростваецца, зьяўляецца рука. Адзін рух — і мая граната ляціць проста ў яго.

Мы бяжымо назад, шпураем рагаткі ў акопы і пакідаем пазадзі сябе гранаты, якія сычаць і забясьпечваюць нам агнём адступленьне. З бліжэйшых позіцый б’юць кулямёты. Мы ператварыліся ў небясьпечных зьвяроў. Мы не змагаемся, мы ўдзельнічаем у зьнішчэньні, мы шпураем гранаты ня ў людзей, — хіба ведаем мы што-небудзь у гэты момант пра іх? Там за намі гоніцца, выцягваючы рукі, у шлеме, сама сьмерць. Упяршыню за тры дні мы бачым яе твар, упяршыню