Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/67

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Пасьля гэтага здарэньня затхлае паветра яшчэ больш адбіваецца на нашых нэрвах. Мы нібы сядзімо ў сваёй уласнай магіле і чакаем, каб нас прысыпала зямлёй.

Раптам нязвычайны грукат і блісканьне. Бліндаж трашчыць па ўсіх швох пад ударам знараду, на шчасьце, лёгкага, якому не паддаецца бэтонавы накат. Раздаецца страшэнны мэталічны звон, сьцены хістаюцца, зброя падае, падаюць шлемы, зямля, бруд і пыл. Яскравы чад пранікае ў наш схоў. Калі-б мы сядзелі не пад трывалым бліндажом, а пад лёгкім накатам, накшталт нядаўна збудаваных, дык з нас ніхто не застаўся-б жывым.

Адылі і так даволі пагана. Новабранец зноў шалее. Да яго далучаюцца два іншыя. Адзін вырываецца і бяжыць. Ледзь управіліся з двума астатнімі. Я кідаюся за зьбеглым і разважаю пра тое, ці магу я стрэліць яму ў ногі. Раптам раздаецца сьвіст. Я адразу кладуся на зямлю, і калі я зноў устаю, — сьценка акопу аблеплена гарачымі асколкамі, кавалкамі мяса і шматкамі абмундыраваньня. Я лезу назад.

Той, першы, мусіць сапраўды звар’яцеў. Калі яго пушчаюць, ён як казёл наскокам б’ецца галавой аб сьценку. Уначы мы яго паспрабуем адвесьці ў тыл. Пакуль што мы яго зьвязваем тута, але так, каб у выпадку атакі аго можна было адразу-ж разьвязаць.

Кат прапануе згуляць у карты; паспрабуем, а мо’ тады і лягчэй зробіцца. Але з гэтага нічога ня выходзіць: мы прыслухоўваемся да кожнага блізкага выбуху, памыляемся ў падліку вочкаў, або не адказваем па масьці. Даводзіцца ўсё гэта кінуць. Мы сядзімо зараз нібы ў шалёна гудучым катле, па якім б’юць з усіх бакоў.

Яшчэ адна ноч. Цяпер мы ўжо атупелі ад напружаньня. Гэтае сьмяртэльнае напружаньне, як тупы нож, скрэбае нас па сьпіне. Ногі ня хочуць кратацца, рукі дрыжаць, наша цела — гэта тонкая скура, якая накрывае ледзь прыціснутае вар’яцтва і бясконцавы лямант, што нястрымана прабіваецца наскрозь. На нас ужо няма мяса і няма цягліц, мы ўжо ня можам глядзець адзін на аднаго з страху перад чымсьці невядомым. Мы моцна сьціскаем губы: пранясе, пранясе, магчыма выратуемся.

Раптам блізкія выбухі спыняюцца. Агонь працягваецца, але цяпер знарады кладуцца пазадзі нашых акопаў. Мы хапаемся за ручныя гранаты, кідаем іх за бруствэр, выскокваем наверх. Гураганны агонь