Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/64

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сярод начы мы абуджаемся. Зямля гудзе. Мы пад моцным агнём. Мы прыціскаемся да куткоў. Можна адрозьніць выбухі знарадаў усіх калібраў.

Кожны хапаецца за свае рэчы і імкнецца праверыць, ці на месцы яны. Бліндаж трасецца, ноч поўніцца ровам і мігценьнем. За сьвятлом гэтых імгненных успышак мы паглядваем адзін на аднаго і ківаем галовамі, з бледнымі тварамі і сьцятымі губамі.

Кожны з нас чуе, як цяжкія знарады зрываюць бруствэры акопаў, як сьценкі абвальваюцца і рашчапляюцца бэтонавыя накаты. Мы адрозьніваем глухі шалёны ўдар, падобны на ўдар лапы разьюшанага зьвера, калі знарад трапляе ў акоп. Раніцою мы бачым, што некаторыя новабранцы зьзелянелі і іх ванітуе. У іх яшча замала практыкі.

У акоп памалу ўліваецца агідлівае шэрае сьвятло, і ўспышкі выбухаў робяцца бляднее. Надыходзіць раніца. Цяпер да артылярыйскага агню дамешваюцца выбухі мін. Яны выклікаюць самае вар’яцкае ўстрасаньне, якое толькі можна сабе ўявіць. Паўсюды дзе яны падаюць, — брацкія магілы.

Выходзіць зьмена. Назіральнікі ўвальваюцца ў акоп — дрыжачыя залепленыя гразёю. Адзін моўчкі кладзецца ў куту і пачынае есьці, другі ландштурміст усхліпвае. Ён двойчы быў выкінуты праз бруствэр парывам паветра ад выбуху, атрымаўшы аднак толькі нэрвовае ўзрушаньне.

Новабранцы прыглядаюцца да яго. Гэта вельмі заразьлівая гісторыя. Трэба сачыць за імі. У некаторых ужо пачынаюць падзёргвацца губы.

Добра, што ўжо зусім разьвіднела: можа атака будзе а поўдні.

Агонь ня ціхне. Ён б’е таксама і пазадзі нас. Наколькі можна ўбачыць, — паўсюды ўзьлётваюць фонтаны гразі і жалеза. Пад абстрэлам вельмі шырокая зона.

Атакі ўсё няма, але выбухі ня спыняюцца. Мы паступова глухнем. Амаль ніхто не гаворыць. Да таго-ж і нельга пачуць адзін аднаго.

Наш акоп амаль разбураны. Шмат у якіх мясцох ён узвышаецца толькі на паўмэтра, ён абсеены дзірамі, варонкамі і купкамі зямлі. Акурат перад нашымі байніцамі рвецца знарал. Адразу робіцца цёмна. Нас засыпала зямлёй і мы мусім адкопваць сябе. Праз гадзіну