Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/63

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Штых, праўда, страціў цяпер сваё значэньне. У атаку часта ходзяць толькі з ручнымі гранатамі і рыдлёўкамі. Завостраная рыдлёўка зьяўляецца больш шматбаковай зброяй. Ёй можна выцяць ня толькі пад падбародкам, але і сячы. Атрымліваецца важкі ўдар, асабліва калі наўскасяк, паміж пляча і шыі. Тады лёгка можна расьсачы чалавека да самых грудзей. Штых па ўдары часта застрае. І каб яго вызваліць, даводзіцца науступаць праціўніку на жывот, а ў гэты час ня цяжка атрымаць і самому ўдар. Дый, да таго-ж, штых часта ломіцца.

Уначы даецца сыгнал аб пачатай газавай атацы.

Мы чакаем наступленьня і ляжымо ў масках, гатовыя іх зьдзёрці, як толькі зьявіцца першы цень.

Раніца ўжо займаецца, але нічога яшчэ не адбылося. Чутно толькі бесьперапыннае, нэрвуючае грыменьне за лініяй праціўніка. Усё цягнікі, цягнікі, грузавікі і грузавікі, — што концэнтруецца там? Наша артылерыя ўвесь час б’е туды, але там усё той-жа шум і грукат, усё той-жа…

У нас стомленыя твары, і мы пазіраем адзін на аднаго.

— Будзе так як на Соме; тады мы сем дзён і начэй былі пад гураганным агнём, — гаворыць Кат пахмурна. Ён ужо больш не жартуе, ад таго часу як мы тут, і гэта пагана, бо Кат — стары фронтавік, і ў яго ёсьць чуцьцё. Толькі Т’ядэн рад з вялікіх порцый і рому; ён нават сьцьвярджае, што мы спакойна зьвернемся і нічога ня здарыцца.

Нам здаецца, што ён амаль што мае рацыю. Дні ідуць адзін за адным. Я сяджу ўначы ў сакрэце. Угару ўзьнімаюцца асьвятляльныя ракеты і парашуты. Я ў бесьперапынным пільным напружаньні, маё сэрца стукае. Усё зноў і зноў я кідаю погляд на гадзіньнік з сьветлавым цыфэрблятам; стрэлка ня хоча пасоўвацца. Сон прымушае зводзіць вейкі, я варушу пальцамі на нагах, каб не заснуць. Ніякіх здарэньняў да маёй зьмены; толькі бесьперапыннае грыменьне там, за фронтам. Мы паступова заспакойваемся і ўвесь час гуляем у скат. Можа нам і сапраўды пашанцавала?

На небе ўвесь дзень мноства прывязных азростатаў. Ходзяць чуткі, што супроць нас будуць ўжыты танкі і аэропляны, прыкомандыраваныя да пяхоты. Адылі, гэта нас менш цікавіць, чым тое, што расказваюць пра новыя гарматы для кіданьня агню.