Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/58

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

калаціцца. Я прыціскаю яе да зямлі і вырашаю: падняць рэвольвэр, стрэліць раней, чым ён пасьпее схапіць і бегчы.

Я дыхаю памалу і заспакойваюся. Потым я стрымліваю дыханьне і ўзьнімаю рэвольвэр. Раздаецца стрэл. Дог з візгатаньнем адскоквае ў бок. Я дасягаю дзьвярэй хлеву і перакульваюся праз аднаго з зьбегшых гусей.

Спосьпеху я хапаю яго, адным махам перакідваю праз сьцяну і сам ускараскваюся на яе. Не пасьпяваю я пералезьці, як дог зноў зьяўляецца непашкоджаным і налятае на мяне. Я стрымгалоў звальваюся з таго боку сьцяны. За дзесяць крокаў ад мяне стаіць Кат з гусем у руках. Ледзьве ўбачыўшы мяне, ён кідаецца бегчы, я — за ім.

Нарэшце, мы можам зьвесьці дух. Гусь мёртвы. Кат прыкончыў яго ў момант. Мы хочам яго зараз-жа засмажыць, каб гэтага ніхто не заўважыў. Я дастаю з бараку гаршчок і дроў, і мы забіраемся ў маленькі пакінуты домік, які служыць нам для падобных мэт. Мы шчыльна завешваем адзінае акно. Тут ёсьць нешта накшталт камінка, на цэглінах ляжыць жалезны пласток. Мы распальваем агонь.

Кат скубе гуся і падрыхтоўвае яго. Мы клапатліва адкладваем у бок пер’е. Мы хочам зрабіць з яго дзьве невялічкія падушачкі з надпісам: «Сьпі спакойна пад гураганны агонь».

Шум артылярыйскай кананады гудзе вакол нашага схову. Водбліск агню асьвятляе нашы твары, цені скачуць на сьцяне. Іншы раз раздаецца заглушаны гром. Тады наша халупа ўздрыгвае. Бомба з аэропляну. Аднаго разу мы пачулі аддаленыя крыкі. Відаць, лучыла ў барак.

Аэропляны гудуць, тарахценьне кулямётаў робіцца больш громкім. Але ад нас на двор не пранікае ніякага сьвятла, якое можна было-б заўважыць…

Мы сядзімо адзін насупроць другога, Кат і я, два салдаты ў падраным абмундыраваньні, і смажым сярод начы гуся. Мы мала гаворым, але мы поўны пяшчотнай абыходлівасьці адзін да аднаго, якая, як мне здаецца, бывае толькі ў закаханых. Мы — два чалавекі, дзьве малюпасенькія іскры жыцьця, а там — ноч і кола сьмерці. Мы сядзімо на яго мяжы, зацкаваныя і змардаваныя, нашы сэрцы б’юцца ва ўнісон, і час гэты падобны да таго месца, дзе мы знаходзімся: асьветленыя кволым агнём, калыхаюцца сьвятло і цені нашых адчуваньняў. Што ведае ён пра мяне, што ведаю я пра яго? Раней у нас ня было