Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

праўды загадкава. Можна падумаць, што ён стварае яе проста з паветра. Самым яго выдатным нумарам было адшукваньне чатырох бляшанак з омарамі. Хоць-бы мы, ва ўсякім разе, палічылі-б за лепшае топленае сала.

Мы сабраліся на сонечным баку ля баракаў. Пахне дзёгцем, летам і потнымі нагамі.

Кат сядзіць побач мяне, яму хочацца пагутарыць. Сёньня ўдзень мы прымушаны былі на працягу гадзіны практыкавацца ў аддаваньні чэсьці, бо Т’ядэн нядбайна аддаў чэсьць аднаму майёру. Кат гаворыць:

— Вось пабачыш, мы прайграем вайну, бо мы праз пару добра навучымся аддаваць чэсьць.

Кроп падыходзіць бліжэй, басанож і з закасанымі штанамі. Ён раскладае свае вымытыя шкарпэткі на траву, для прасушкі.

Кат глядзіць на неба, выпускае громкі гук і гаворыць пагаджальна:

— Кожны бабок дае свой тон.

Яны пачынаюць спрачацца. Адначасова яны б’юцца аб заклад бутэльку піва з поваду вынікаў паветранага бою, які адбываецца над намі.

Кат не прапускае выпадку выказаць сваю думку, якую ён, у якасьці старога франтавіка, выказвае ў рытме:

— Адна для ўсіх заплата, адны выгоды — вайну-б забылі мы назаўсёды.

Кроп, наадварот, філёзоф. Ён прапануе, каб абвяшчэньне вайны мела характар народнае ўрачыстасьці, з білетамі на ўваход і музыкай, як у часе бою быкоў. Потым на арэну выпушчаюцца міністры і генэралы абедзьвюх краін у трусіках, узброеныя дубінамі. І той бок, міністры якога застануцца жывымі, лічыцца пераможцай. Гэта было-б прасьцей і лепш, чымся тут, дзе змагаюцца зусім іншыя людзі.

Гэта прапанова выклікае ўхваленьне. Потым размова пераходзіць на «цуканьне», пад якое падпадаюць новабранцы ў казарме.

Пры гэтым уяўляецца карціна. Гарачы поўдзень на казарменным двары. Сьпека нярухома зьвісла над пляцам. Казармы нібы вымерлі. Усе сьпяць. Чутны толькі практыкаваньні барабаншчыкаў: яны недзе разьмясьціліся паблізу і практыкуюцца няёмка, аднатонна,бязглуздна. Якое сугучча: паўдзённая сьпека, казарменны двор і барабанныя практыкаваньні!