Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Кроп ломіць напалам папяросу і адну палову дае мне. Т’ядэн расказвае пра сваю нацыянальную страву, круглыя бабы з салам. Ён супроць прыгатаваньня гэтае стравы без бабовых стручкоў. Але галоўнае — абавязкова варыць усё разам, і бронь божа — бульбу, боб і сала ў паасобку! Нехта бурчыць, што ён з Т’ядэна зробіць бабовую поліўку, калі апошні зараз-жа ня сьціхне. Пасьля гэтага ў вялікім пакоі сьціхае. Толькі дзьве сьвечкі мігцяць у рыльцах бутэлек, ды паплёўвае артылерыст.

Мы пачынаем ужо драмаць, калі адчыняюцца дзьверы і ўваходзіць Кат.

Мне здаецца, што я бачу сон: у яго пад пахай дзьве баханкі хлеба і ў руцэ — запэцканы крывёю мех з канінай.

У артылерыста люлька вывальваецца з роту. Ён мацае хлеб:

— Вось дзіва! Сапраўдны хлеб, і яшчэ цёплы!

Кат аб гэтым не гаворыць. У яго ёсьць хлеб, а да астатняга яму няма справы. Я ўпэўнены, — калі яго прывесьці ў пустэльню, ён ня больш як за гадзіну адшукае вячэру з фінікаў і смажаніны з віном.

Ён ляконічна гаворыць да Гайе:

— Насячы дроў.

Потым ён вымае з-пад шынэлі патэльню, а з кішэні жменю солі і нават кавалак сала: ён усё прадбачыў. Гайе распальвае на падлозе вогнішча. Яно патрэсквае ў пустой фабрычнай залі. Мы вылазім з ложкаў.

Артылерыст вагаецца. Ён разважае, ці варта яму выказаць сваю пахвалу ў надзеі, што і яму кавалак перападзе. Але Катчынскі нават не глядзіць на яго, быццам гэта пустое месца. Тады ён з праклёнамі выходзіць.

Кат ведае спосаб сасмажыць каніну так, каб яна зрабілася мяккай. Яе ня трэба адразу класьці на патэльню, інакш яна сьцьвярдзее. Спачатку яе трэба праварыць у невялікай колькасьці вады. Мы зьбіраемся ў кружок, з нажамі ў руках, і набіваем свае страўнікі.

Вось які Кат! Калі праз год дзе ў якой мясцовасьці хоць-бы толькі на працягу аднэй гадзіны будзе мецца што-небудзь пажыўнага, дык іменна ў гэты час, нібы рухомы нябачнай сілай, возьме фуражку, выйдзе, накіруецца проста, як па компасе, туды, куды належыць, і адшукае ўсё.

Ён усё знаходзіць: калі холадна — невялікую пячурку і дровы, сена і салому, сталы і крэслы, але раней за ўсё жратву. Гэта са-