Вокны казармы пустыя і цьмяныя. З некаторых зьвісьлі паласатыя нагавіцы, якія сушацца. З нудой заглядваем у гэтыя вокны. У пакоях прахалодна.
О, цьмяныя, затхлыя пакоі капральства, з жалезнымі ложкамі і коўдрамі ў клетку, з шафкамі і табурэткамі, што стаяць перад імі! Нават вы можаце быць жаданымі; тут, далёка, вы зьяўляецеся казачным адлюстраваньнем радзімы, вы, з вашай прасторай, якая поўна пахам адстоеных страў, сну, тутуну і вопраткі!
Катчынскі апісвае іх узьнеслымі словамі і шырокімі гэстамі.
Чаго-б мы толькі ня далі, каб зьвярнуцца туды! На большае мы нават і марыць не адважваемся…
Гадзіны ранішніх заняткаў. З якіх частак складаецца зброя дзевяноста восьмая? Гадзіны гімнастыкі пасьля поўдню. Ігракі на роялі, наперад. Левае плячо наперад. Накіроўвайцеся на кухню чысьціць бульбу.
Мы захапіліся ўспамінамі. Раптам Кроп сьмяецца і кажа:
— У Лене перасадка.
Гэта ўлюбёная гульня нашага ўнтэр-офіцэра. Лена — гэта станцыя з перасадкай. Каб нашы адпусьнікі не маглі там разьбегчыся, Гімэлыштос прывучыў нас рабіць перасадку ў памяшканьні казармы. Мы павінны былі завучыць, што ў Лене трэба патрапіць на наступны цягнік па дадзеным ходзе. Ложкі былі для нас падземным ходам, і кожны станавіўся з левага іх боку. Потым чулася каманда: — У Лене перасадка! — і ўсе маланкападобна залазілі пад ложак і зьяўляліся на другім яго баку. Гэта практыкаваньне мы рабілі гадзінамі.
Між тым зьбіты нямецкі самалёт. Як комэта ён падае ўніз, ахутаны дымам. Кроп праіграў бутэльку піва і нездаволена перабірае свае грошы.
— Гімэльштос у якасьці лістаносца, відаць лагодны чалавек, — кажу я, калі расчараваньне Альбэрта ўляглося. — Як магло здарыцца, што, зрабіўшыся ўнтэр-офіцэрам, ён зрабіўся скурадзёрам?
Пытаньне гэта прымушае Кропа зноў ажывіцца.
— Гэта не адзін толькі Гімэльштос, ёсьць шмат іншых. Як толькі яны атрымоўваюць галун або шаблю, яны адразу робяцца іншымі людзьмі, нібыта яны абжэрліся бэтону.
— Гэта ад мундыру, — выказваю я сваю думку.