Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

і напалову Гайе Вэстгус. Ва ўсякім выпадку Вэстгус зьяўляецца хутчэй выканаўчым органам, бо ён працуе пад камандай Ката, калі замышляецца справа, для якой патрэбны моцны кулак. За гэта ён атрымлівае сваю долю.

Мы ўтрох прыходзім, напрыклад, уначы ў зусім невядомае нам паселішча, дзе адразу-ж бачна, што ўсё, акрамя сьцен, разрабавана. За кватэру нам служыць маленькая, цьмяная фабрыка, якую толькі прыстасавалі для гэтае мэты.

У ёй стаяць ложкі, праўдзівей толькі касьцякі ад ложкаў; драўляныя казлы, абцягнутыя драцянай сеткай.

Драцяная сетка жорсткая. Коўдраў, каб пакласьці пад сябе, у нас няма. Наша адзіная коўдра нам патрэбна, каб пакрыцца.

Палотнішча ад палаткі завельмі тонкае.

Кат бачыць становішча спраў і гаворыць Гайе Вэстгусу: — Пойдзем разам! — Яны выпраўляюцца ў зусім невядомыя нам мясьціны. Праз паўгадзіны яны прыходзяць з бярэмамі саломы. Цяпер мы маглі-б паспаць у цяпле, каб ня было такога страшэннага чаду.

Кроп пытаецца ў артылерыста, які даўно ўжо ў гэтай мясцовасьці:

— Ці няма тут якой харчэўні?

Той сьмяецца:

— Яшчэ чаго! Тут нічога не дастанеш. І скарынкі ад хлеба ня знойдзеш.

— Хіба тут не засталося нікога з жыхароў?

Ён сплёўвае на падлогу:

— Ёсьць некалькі, але яны самі круцяцца каля кожнай паходнай кухні і жабруюць.

Кепскія справы. Значыць нам прыдзецца тужэй зацягнуць паясы і чакаць заўтрага, калі прыйдзе харч.

Адылі я бачу, што Кат бярэцца за фуражку і пытаюся:

— Куды ты, Кат?

— Пайду агледжу мясцовасьць.

Ён ідзе да выхаду.

Артылерыст зьняважліва ўхмыляецца.

— Ідзі, паглядзі. Ды, глядзі, не надсадзіся!

Мы кладземся расчараваныя і разважаем аб тым, ці не распакаваць нам непарушныя пайкі. Але гэта за вельмі рызыкоўна. Тады мы спрабоўваем заснуць.