Я ківаю галавой. Мы выпучваем грудзі, голім адзін аднаго на панадворку, засоўваем рукі ў кішэні, разглядаем новабранцаў і адчуваем сябе старымі ваякамі.
Катчынсекі далучаецца да нас. Мы ідзем праз канюшні і падыходзім да людзей з папаўненьня, якім у гэты час даюць процігазы і кофэ. Кат пытаецца ў аднаго, самага маладога з іх:
— Даўно не атрымлівалі добрае ежы?
Той крывіць твар.
— Раніцой хлеб з рэпы, на полудзень поліўка з варанае рэпы, у вечары катлеты з рэпы і салата з рэпы.
Катчынскі пасьвіствае з выглядам знаўцы.
— Хлеб з рэпы? Вам пашэнціла: цяпер хлеб даюць ужо з пілавіньня. Ну, а што ты думаеш наконт бабоў? Ці ня хочаш атрымаць порцыю?
Хлапец чырванее:
— Няма чаго дражніць.
Катчынскі адказвае:
— Бяры свой кацялок.
Мы з цікавасьцю ідзем усьлед. Ён вядзе нас да кадушкі, якая стаіць ля яго матраца. Сапраўды, кадушка напалову поўная бабоў з ялавічынай. Катчынскі стаіць перад ёй, мэрам генэрал, і гаворыць:
— Глядзі пільна, не варонь. Вось пароль прусакоў!
Мы ашаломлены. Я пытаюся:
— Ліха на тваю галаву, Кат, як табе пашанцавала?
— Памідор узрадваўся, што я ўзяў у яго ўсё гэта. Я аддаў яму за гэта тры кавалкі парашутнага шоўку. Праўда, бабы астылі, але на смак цудоўны.
Ён міласьліва выдае хлопцу порцыю і кажа:
— Калі ты наступным разам прыйдзеш сюды з сваім кацялком, — у левай руцэ ў цябе павінна быць сыгара або папяросы. Зразумеў?
Потым ён зварочваецца да нас:
— Вы, вядома, атрымаеце і так.
Катчынскі незаменны, бо ён мае шостае пачуцьцё. Паўсюды ёсьць такія людзі, але ніхто іх не адрозьнівае з першага погляду. У кожнай роце яны ёсьць — па адным па два. Катчынскі самы выдатны ад усіх якіх я ведаю. Па профэсіі ён, здаецца, шавец, але гэта ня мае ніякага значэньня; ён ведае хоць якое рамяство. Добра быць у сяброўстве з ім. У лік ягоных сяброў уваходзім мы, Кроп і я,