Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/146

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

На койцы прыўзьнімаецца чалавек з ускудлачанай барадой. Усе зьдзіўлены з таго, што ён бярэ віну на сябе.

— Вы?

— Ага! Я быў узрушаны тым, што нас дарэмна абудзілі і ня думаў над тым, што я раблю.

Ён гаворыць, як па-напісанаму.

— Як вас зваць?

— Ландвэрац Юзэф Гамахер.

Начальнік адыходзіць.

Усе ледзь стрымліваюць цікавасьць.

— Чаму ты сказаў на сябе? Гэта-ж ня ты зрабіў!

Ён усьміхаецца.

— Гэта-ж ня важна. У мяне ёсьць «паляўнічае пасьведчаньне».

Гэта, зразумела, вядома кожнаму. Хто мае такое «паляўнічае пасьведчаньне», той можа рабіць усё, чаго ён захоча.

— Так, — расказвае ён, — у мяне былі параненьні ў галаву, і пасьля мне выдалі пасьведчаньне, што часамі я трачу прытомнасьць. Гэта вельмі выгодна. Мяне нельга раздражаць. Дык мне з гэтага нічога ня будзе. Давядзецца яму як сьлед пазлаваць! А сказаў я на сябе таму, што кіданьне бутэлек мяне дужа пацешыла. Калі яны заўтра зноў адчыняць дзьверы, дык мы пачнем зноў.

Мы вельмі рады: пакуль з намі Юзэф Гамахер, мы можам рызыкаваць.

Потым за намі прысылаюць бязгучныя плоскія вазкі. Павязкі прысталі да ран. Мы выем як быкі.

У нашай палаце ляжыць восем чалавек. Самае цяжкае параньне ў цёмнавалосага кучаравага Пэтэра. У яго прастрэлена лёгкае. У Франца Вэхтэра, які ляжыць побач мяне, прастрэлена рука. Спачатку рана не здавалася сур’ёзнай. Але на трэцюю ноч ён крычыць нам, каб мы пазванілі. Яму здаецца, што павязка ў яго прамокла ад крыві.

Я моцна званю. Начная сястра ня прыходзіць. Мы прымусілі яе за шмат папрацаваць увечары: нам усім былі накладзены сьвежыя павязкі, пасьля гэтага мы адчувалі страшэнны боль. Адзін патрабаваў, каб яго нагу паклалі вось так, другі — гэтак, трэці прасіў вады, чацьвертаму трэба было падладзіць падушку; тоўстая старуха сястра пачала, нарэшце, бурчэць і ляснула дзьвярыма. Цяпер яна