напэўна думае, што нам зноў трэба нешта накшталт таго, і дзеля таго ня ідзе.
Мы чакаем.
Пасьля Франц гаворыць:
— Пазвані вось ’шчэ раз!
Я званю. Яе ўсё яшчэ няма. У нашым аддзяленьні толькі адна дзяжурная сястра, можа яна якраз занята ў іншых палатах.
— Ты ўпэўнены Франц, што ў цябе крывацячэньне? — пытаюся я. — Інакш мы нагукаем на сябе бяды.
— Мокра! Ці ня можа хто запаліць сьвятло?
Але і гэта таксама не ўдаецца. Выключальнік знаходзіцца ля дзьвярэй і ніхто ня можа ўстаць. Я націскаю вялікім пальцам кнопку званка да той пары, пакуль палец не зьнямеў. Можа сястра заснула. У іх да таго шмат работы, і ўсе яны дужа змардаваныя. Ды ’шчэ гэтыя штодзенныя малітвы.
— Ці не пачаць кідаць бутэлькамі? — пытаецца Юзаф Гамахер, які мае «паляўнічае пасьведчаньне».
— Гэтага яна ўжо напэўна не пачуе!
Нарэшце адчыняюцца дзьверы. Уваходзіць сястра, заспаная, і агледзеўшы павязку Франца, яна пачынае сьпяшацца і крычаць:
— Чаму-ж ніхто не паведаміў пра гэта?
— Мы званілі! А хадзіць ніхто з нас ня можа.
Ён страціў шмат крыві і яму робяць перавязку. Раніцою мы бачым яго твар, ён загастрыўся і зжаўцеў, а ўвечары ён меў зусім здаровы выгляд. Цяпер сёстры прыходзяць да нас часьцей.
Іншы раз дзяжураць дапаможныя сёстры Чырвонага Крыжу. Яны дабратлівыя, але недастаткова спрытныя. Перасьцілаючы пасьцель яны часта прычыняюць боль і тады так палохаюцца, што робяць яшчэ бальней.
Манашкі больш надзейныя. Яны ведаюць, як трэба брацца за хворага. Нам хацелася-б, каб яны былі крыху весялейшымі. У некаторых з іх ёсьць, праўда, крыху гумару. Гэтыя проста чароўныя. Хто з нас ня зробіць любой паслугі сястры Лібэрціне, гэтай цудоўнай сястры, якая здольна адным сваім выглядам узьняць настрой усëй палаты, ледзь яна толькі зьявіцца ў дзьвярох? І такіх тут некалькі. Для іх мы гатовы былі-б ісьці ў агонь і ў ваду. Наогул скардзіцца нельга: сёстры ставяцца да нас тут, як да цывільных. Калі ўспамінаем гарнізонныя лазарэты, дык робіцца проста страшна.