Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ачуньвай, Франц!

Я абяцаю заўтра прыйсьці ізноў. Тое-ж гаворыць і Мюлер; ён думае пра шнураваныя бацінкі і дзеля таго хоча іх упільнаваць.

Кемэрых стогне. У яго пал. Мы затрымліваем санітара і ўгаварваем яго зрабіць Кемэрыху ўпырскваньне.

Ён адмаўляецца:

— Калі кожнаму даваць морфі, дык нам траба мець цэлыя бочкі ў запасе.

— Ты, відаць, прыслугоўваеш толькі офіцэрам, — гаворыць Кроп з нянавісьцю.

Я сьпяшаюся ўмяшацца і для пачатку даю санітару папяросу. Ён бярэ яе. Тады я пытаюся:

— А хіба ты можаш рабіць упырскваньне?

Ён абражаны:

— Калі вы не даеце веры, дык чыго-ж вы просіце?

Я сую яму ў руку яшчэ пару папярос:

— Услужы нам!

— Добра ўжо, — гаворыць ён. Кроп уваходзіць разам з ім, ён яму нездавярае і хоча прасачыць за ім. Мы чакаем знадворку.

Мюлер зноў пачынае пра боты:

— Яны-б мне акурат падышлі. У гэтых чаўнох я намульваю сабе булдыр за булдыром. Як ты мяркуеш, пратрымаецца ён да заўтрага, да пачатку заняткаў? Калі ён памрэ ўначы, — ня бачыць нам гэтых ботаў…

Выходзіць Альбэрт.

— Як вы мяркуеце? — пытаецца ён.

— Зроблена, — адказвае Мюлер.

Мы зварочваемся ў свае баракі. Я думаю пра ліст, які заўтра мне давядзецца пісаць Кемэрыхавай маткі. Мяне трасе, мне хацелася-б выпіць кілішак гарэлкі. Мюлер рве траву і жмякае яе. Раптам маленькі Кроп кідае сваю папяросу, шалёна растаптвае яе, азіраецца з нейкім зьмянёным і растроеным тварам і мармыча:

— Праклятыя сволачы!.. Гэтыя праклятыя сволачы!..

Мы ідзем даволі доўга далей. Кроп супакоіўся. Мы ведаем, што з ім здарылася — гэта франтавое шалёнства, з кожным з нас гэта здаралася.

Мюлер пытаецца ў яго:

— Што, уласна кажучы, піша Канторэк?