Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ён сьмяецца:

— Што мы, маўляў, жалезная моладзь.

Мы ўсе ўтрох зласьліва сьмяемся. Кроп лаецца: ён рады што можа гаварыць.

Але, так думаюць яны, гэтыя сотні тысяч Канторэкаў. Жалезная моладзь! Моладзь… Кожнаму з нас ня больш як дваццаць год. Але ці маладыя мы? Моладзь… Гэта даўно было… Мы — старыя.


II

Мне неяк дзіўна думаць, што дома, у скрынцы пісьмовага стала, ляжыць пачатая драма «Саул» і пачатак вершаў. Шмат вечароў патраціў я на гэта, дый амаль усе мы займаліся тым-жа, але цяпер мне гэта выдаецца да таго нерэльным, што я немагу сабе гэтага нават яскрава ўявіць.

З таго часу, як мы тут, наша ранейшае жыцьцё адцята, хоць мы нічога не зрабілі для гэтага. Іншы раз мы імкнемся знайсьці тлумачэньне ўсяму гэтаму, але гэта нам не ўдаецца. Іменна нам, дваццацігадовым, асабліва Кропу, Мюлеру, Лееру, мне, — нам, якіх Канторэк называў жалезнай моладзьдзю. Больш старыя людзі моцна зьвязаны з мінулым, яны маюць пад сабой глебу, у іх ёсьць жонкі, дзеці, служба, інтарэсы, якія да таго моцны, што вайна ня можа ўжо іх разбурыць. А ў нас, дваццацігадовых, ёсьць толькі бацькі, ды ў кагосьці каханая дзяўчына. Гэтага ня шмат, бо ў нашым узросьце моц бацькоў здаецца найбольш слабай, а дзяўчына зусім не пануе над усім астатнім. Апрача гэтага ў нас нічога няма. Крыху лятуцьлівасьці, мімалётныя захапленьні і школа. Далей наша жыцьцё не пайшло. І вось ад усяго гэтага нічога не засталося.

Канторэк, напэўна, сказаў-бы, што мы стаялі якраз на парозе быцьця. Так, падобна да гэтага. Мы яшчэ ня пусьцілі карэньняў. Вайна ўсё змыла. Для іншых, для старэйшых, яна — толькі перапынак, яны могуць разважаць скрозь яе. Мы-ж захоплены ёй і ня ведаем, чым усё гэта павінна скончыцца. Мы ведаем, дый то толькі на час, што мы дзіўным і няпрыемным спосабам падмануты, хоць гэта нас ужо больш і не засмучае.

Калі Мюлеру хочацца мець Кемэрыхавы боты, дык гэта ня значыць, што ў яго менш спачуваньня, чым у кожнага іншага, які ад