Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/130

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

мець моц усё аднаўляць у памяці, гэта заўсёды будзе прыходзіць і паўставаць прада мной.

Нарэшце, я трымаю ў руках яго папернік. Ён высьлізгае з маіх рук і раскрываецца. З яго выпадвае некалькі фотографій і лісты. Я зьбіраю і хачу іх зноў скласьці, але цяжар, які цісьне на мяне, уся няпэўнасьць майго становішча, голад, небясьпека, гэтыя гадзіны, якія праведзены з мерцьвяком, кідаюць мяне ў роспач, я хочу паскорыць разьвязку, павялічыць боль і скончыць з ім. Скончыць, як разьбіваеш аб дрэва руку, якая неасьцярожна ные, ня думаючы на тое, што будзе.

Там фотографія жанчыны і маленькай дзяўчынкі, маленькія аматарскія здымкі. Побач іх засунуты лісты. Я вымаю іх, спрабуючы прачытаць. Большасьць я не разумею: мне цяжка разабраць, дый і кепска ведаю францускую мову. Але кожнае слова прасякае мяне як стрэл у грудзі, як колатая рана.

Я страшэнна ўзрушаны. Але я ўсё-ж бачу, што пісаць да гэтых людзей, як я толькі што зьбіраўся, я не павінен. Гэта немагчыма. Я яшчэ раз гляджу на здымкі. Гэта не заможныя людзі. Я мог-бы не называючы сябе пасылаць ім грошы, калі-б я потым мог што зарабляць. Я хапаюся за гэтую думку: яна, прынамсі, дае мне невялікае апорышча. Гэты забіты зьвязаны з маім жыцьцём. Таму, каб выратаваць сябе, я павінен усё зрабіць, усё абяцаць. Я сьлепа абяцаю, што я буду жыць толькі для яго і яго сям’і, — вільготнымі вуснамі кажу я шэптам яму гэтыя словы. Недзе глыбока крыецца надзея, што гэтак я адкуплюся і, магчыма, усё-ж выбяруся адсюль: маленькія хітрыкі, якія пасьля заўсёды можна будзе пераглядзець.

Таму я разгортваю кніжку і паволі чытаю:

— Жэрар Дзюваль, друкар.

Я пішу адрас алоўкам забітага на конвэрце і потым хутка засоўваю ўсё яму ў кішэню.

«Я забіў друкара Жэрара Дзюваль. Я павінен зрабіцца друкаром, — мігціць у мазгу зусім недарэчная думка, — друкаром, друкаром»…

Пасьля поўдню я спакайнею. Мой страх быў дарэмны. Імя больш не непакоіць мяне. Прыпадак мінае.

— Таварыш, — кажу я мерцьвяку, але я кажу гэта ўжо з усёй рашучасьцю, — сёньня ты, а заўтра я! Але калі я зьвярнуся, таварыш, я буду змагацца з тым, што загубіла нас абодвух: у цябе аднялі