Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/129

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Калі-б тут сядзеў разам Канторэк! Калі-б мая маці бачыла мяне! Забіты, напэўна, пражыў-бы ’шчэ трыццаць год, калі-б я лепш запомніў дарогу назад. Калі-б ён прабег на два мэтры ўбаку, дык зараз ляжаў-бы ў акопах і пісаў новы ліст сваёй жонцы.

Але далей я трапляю ў тупік: гэта лёс усіх нас, калі-б Камэрых адставіў сваю нагу на дзесяць сантымэтраў убок, калі-б Гайе нахіліўся на пяць сантымэтраў ніжэй…

Маўклівасьць працягваецца. Але я зноў гавару, я павінен гаварыць. Я размаўляю з ім і намаўляю яму:

— Таварыш, я не жадаў цябе забіць! Калі-б ты яшчэ раз скокнуў сюды і трымаўся разважна, я-б гэтага не зрабіў. Але раней ты быў для мяне толькі адцягненым разуменьнем, толькі комбінацыяй, якая месьцілася ў маім мазгу і патрабавала вырашэньня. Гэтую вось камбінацыю я і зьнішчыў. Цяпер толькі я бачу, што ты такі-ж чалавек як і я. Я думаў пра твае ручныя гранаты, пра твой штых, пра тваю зброю, цяпер я бачу тваю жонку, твой твар і тое агульнае, што ёсьць у нас абодвух. Даруй мне, таварыш! Мы заўсёды дужа позна заўважаем на тое, на што варт’ было заўважаць. Чаму нам не гаварыць заўжды, што вы такія-ж няшчасныя, як і мы, што вашыя маткі таксама непакояцца як і нашы, і што ў нас аднолькавы страх перад сьмерцю, і аднолькавае скананьне і аднолькавы боль? Даруй мне таварыш, як мог ты быць маім ворагам? Калі-б мы скінулі гэтую зброю і гэтую формавую вопратку, ты мог-бы быць гэткім-жа маім братам, як і Кат і Альбэрт! Бяры ў мяне мае дваццаць год, таварыш, і ўстань, бяры больш, бо я ня ведаю, што мне цяпер рабіць!

Ціха, на фронце спакойна, чуцен толькі трэск вінтовачнай страляніны. Кулі кладуцца блізка адна ля аднэй, стральба ідзе бяз пляну, але ўсё бярэцца на дакладны прыцэл. Выбрацца мне адсюль немагчыма.

— Я напішу тваёй жонцы, — кажу я сьпехам мерцьвяку, — я напішу ёй, яна павінна ўсё ведаць ад мяне. Я ёй скажу пра ўсё, што кажу зараз табе, яна не павінна пакутаваць, я хачу ёй дапамагчы, і тваім бацьком, і твайму дзіцяці.

Яго куртка яшчэ напалову расшпілена. Лёгка знайсьці яго папернік. Але я не адважваюся адкрыць яе. Там салдацкая кніжка, там яго імя. Пакуль я ня ведаю яшчэ яго імя, я, магчыма, яшчэ здолею на яго забыцца: час сатрэ яго вобраз. Але яго імя — гэта цьвік, які ўваб’ецца ў мяне і ўжо ніколі нельга будзе яго выдзерці. Ён будзе