Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/128

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

зуверыць сябе ў тым, але а поўдні яго стогны зьнішчаюць мае хітрыкі. Калі-б я не згубіў свайго рэвольвэра, калі поўзаў, я-б прыстрэліў яго. Зарэзаць яго я не адважваюся.

А поўдні я адчуваю, што я на мяжы вар’яцтва. Голад мучыць мяне, я амаль плачу з таго, што мне хочацца есьці, але я нічога не магу зрабіць. Некалькі разоў я даю ўміраючаму вады і сам п’ю яе.

Гэта першы чалавек, якога я забіў уласнай рукой, якога я ўбачыў, і сьмерць якога справа маіх рук. Кат, Кроп і Мюлер таксама бачылі гэта, калі яны траплялі ў каго-небудзь. Шмат з кім гэта было, асабліва ў ручным баі.

Але кожны ўздых яго агаляе маё сэрца. Гэтыя гадзіны належаць паміраючаму. У яго нябачны нож, якім ён заколвае мяне: час і мае думкі.

Я-б шмат аддаў за тое, каб ён застаўся жывым. Цяжка ляжаць тут, глядзець на яго і слухаць яго.

А трэцяй гадзіне па поўдні ён сканаў.

Я ўздыхаю з палёгкай, але не на доўга. Хутка маўклівасьць выдаецца больш нясьцерпнай, чымся стогны. Мне хочацца чуць яго стогны, няроўныя, хрыпатыя, або ціхія са сьвістам, або зноў хрыпатыя і голасныя.

Няма сэнсу ў тым, што я раблю. Але мне трэба чым-небудзь заняць час. Я яшчэ раз папраўляю мерцьвяка, каб ён ляжаў выгодней, хоць ён ужо нічога не адчувае. Я закрываю яму вочы. Яны карыя, валасы ў яго чорныя, яны крыху ўюцца на скронях.

Рот пад вусамі пухкі і мяккі, нос з невялікай гарбінкай, скура смуглаватая. Яна цяпер не здаецца гэткай бледнай, якой яна была раней, калі ён яшчэ быў жывы. На момант яго твар выглядае зусім здаровым, потым ён набывае хутка чужыя абрысы твару мерцьвякоў, якія мне часта даводзілася бачыць і якія заўсёды падобны адзін да аднаго.

Яго жонка напэўна думае цяпер пра яго. Яна ня ведае, што здарылася. Мяркуючы па яго выглядзе, ён ёй часта пісаў; яна яшчэ будзе атрымліваць ад яго лісты — заўтра, праз тыдзень, можа які-небудзь заваляўшыйся ліст — праз месяц. Яна яго прачытае, у гэты дзень ён будзе размаўляць з ёй.

Мой стан усё горшае, я ўжо не магу стрымліваць сваіх думак. Які выгляд мае яго жонка? Ці не падобна яна да танклявай брунэткі з таго боку каналу? Ці не набыў я на яе права тым, што здарылася?