Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/127

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

бязгучнае хрыпеньне змоўкла, але вочы крычаць, равуць, у іх сконцэнтравана ўсё жыцьцё ў нерастлумачальным усільлі бегчы, у страшэннай агідлівасьці перад сьмерцю, перад мной.

Я кідаюся на калені і абапіраюся на локці.

— Не, не! — шапчу я.

Вочы сачаць за мною. Я не магу зрабіць ніводнага руху, пакуль яны тут.

Вось яго рука паволі спадае з грудзей, толькі на нязначную адлегласьць, яна апушчаецца на некалькі сантыметраў, але гэты рух парушае ўладу вачэй. Я нагінаюся наперад, матаю галавой і кажу шэптам: — Не, не! — Я ўзьнімаю руку: я павінен давесьці яму, што я хачу яму дапамагчы, і гладжу яго па лобе.

Вочы закаціліся, калі да іх дакранулася рука. Цяпер яны страцілі сваю нярухомасьць, павекі апушчаюцца, напружанасьць зыходзіць. Я расшпільваю яму каўнер і кладу яму голаў выгодней.

Рот яго напоўадкрыты, ён хоча сказаць слова. Вусны ў яго пасохлі. У мяне няма з сабой пляшкі, я яе ня ўзяў.

Але на дне варонкі, пад глеем, ёсьць вада. Я спаўзаю туды, вымаю сваю насатку, раскладваю яе, прыціскаю ўніз і чэрпаю жоўтаватай вады, яна прасочваецца праз хусьцінку.

Ен глытае яе. Я дастаю ’шчэ. Пасьля я расшпіляю яму куртку, каб перавязаць яго, калі магчыма. Я павінен гэта зрабіць, хоць-бы і для таго, каб тыя там, калі яны возьмуць мяне ў палон, бачылі, што я хацеў яму дапамагчы, і не расстралялі мяне. Кашуля прыстала і яе нельга адсунуць ўбок: яна расшпілена ззаду. Не застаецца чаго рабіць, як разарваць яе.

Я шукаю нажа і знаходжу яго. Але, калі я пачынаю рэзаць кашулю, вочы яго яшчэ раз адчыняюцца і ў іх зноў лямант і звар’яцелы выраз, і мне даводзіцца іх закрыць, заціснуць і казаць шэптам:

— Я-ж хачу табе пасабіць, таварыш, camarade, camarade, camarade! — паўтараю я гэта слова ўсё выразьней, каб ён зразумеў.

У яго тры коланыя раны. Мае індывідуальныя пакеты прыкрываюць іх. Кроў прасачваецца праз іх. Я прыціскаю іх шчыльней. Тады ён стогне.

Гэта ўсё, што я магу зрабіць. Цяпер мы павінны чакаць, чакаць, чакаць…

О, гэтыя гадзіны! Хрыпеньне пачынаецца зноў. Як доўга памірае чалавек! Ведаю, яго нельга адратаваць. Я, праўда, спрабую ра-