Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У палявым лазарэце вялікая работа: як і заўсёды нясе карболкай, этэрам і потам. У бараках да сяго-таго прывычайваемся, але тут можа зрабіцца ніякавата.

Мы даведваемся пра Кемэрыха. Ён ляжыць у агульнай палаце і сустракае нас слабым выразам радасьці і бяспомачнага ўзбуджэньня. У той час, калі ён быў няпрытомным, у яго скралі гадзіньнік.

Мюлер ківае галавой:

— Я табе заўсёды казаў, што гэткі добры гадзіньнік ня трэ’ было браць з сабой.

Мюлер крыху нячулы і цяжкі на розум. Інакш ён-бы прытрымаў язык: кожнаму-ж ясна, што Кемэрых ужо ніколі ня выйдзе з гэтай палаты. Ці знойдзе ён свой гадзіньнік, гэта зусім абыякава: самае вялікшае, што можна зрабіць, — гэта паслаць гадзіньнік яго родным.

— Як маешся, Франц? — запытваецца Кроп.

Кемарых апускае галаву.

— Ды нішто, толькі гэты пракляты боль у назе!

Мы глядзім на коўдру. Нага яго ляжыць у дротаванай шыне. Ад гэтага коўдра вельмі ўзьнялася. Я наступаю Мюлеру на нагу, бо ён гатовы сказаць Кемэрыху тое, аб чым сказаў нам санітар: што ў Кемэрыха ўжо няма нагі. Яна ампутавана.

Ён мае жудасны выгляд: жоўты, бляды, а на твары ўжо прыкметны тыя чужыя цені, якія мы так добра ведаем, таму што нам даводзілася бачыць іх сотні разоў. Уласна кажучы, гэта нават ня рысы, а хутчэй адзнакі. Пад скурай ня пульсуе жыцьцё, яно выціснута да граняй цела, сьмерць прабіваецца з сярэдзіны і ўжо заўладала вачыма. Перад намі ляжыць наш таварыш Кемэрых, які яшча нядаўна смажыў разам з намі каніну і хаваўся ў варонцы ад знарадаў; гэта яшчэ ён, і ўсё-ж гэта ўжо ня ён. Яго вобраз змыўся і зрабіўся нявыразным, як фотографічная плеўка, на якой было зроблена два здымкі. Нават голас яго гучыць, як попел.

Я ўспамінаю аб тым, як мы тады ад’яжджалі. Яго маці, добрая, тоўстая жанчына, прывезла яго на вагзал. Яна плакала бесьперастанку, ад гэтага яе твар разьмяк і апух. Кемэрых сароміўся гэтага, бо яна ўладала сабой менш за ўсіх астатніх і літаральна зыходзіла тлушчам і вадой. Да таго яна чамусьці ўчапілася за мяне, увесь час хапала мяне за руку і ўпрашвала даглядаць там яе Франца. У яго быў амаль заўсёды дзіўны твар, і косьці да таго мяккія, што