Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/105

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

галоў прабегчы сорак крокаў. Такім чынам аддзяленьне спакойна робіць толькі паварот і прасоўваецца на некалькі крокаў, а аддзялённы камандзір бегае ўзад і наперад, як кольца на прутку фіранкі. Усё гэта робіцца па адным з вытрабаваных рэцэптаў Гімэльштоса.

Канторэк ня можа чакаць ад Мітэльштэдта нічога іншага, бо аднойчы пакінуў яго на другі год, і Мітэльштэдт быў-бы дурным, каб не скарыстаўся выпадкам, пакуль яго зноў не накіравалі на фронт. Магчыма, сапраўды лягчэй паміраць, калі вайсковая служба дала гэтую прыемную магчымасьць.

Тымчасам Канторэк кідаецца, як загнаны вяпрук.

Праз некаторы час Мітэльштэдт дае яму перадахнуць, а потым пачынае гэтулькі важнае практыкаваньне, як поўзаньне. На каленках і локцях, трымаючы бразгатку, паводле ўсіх правілаў, валочыць Канторэк паўз нас дзівосную фігуру. Ён моцна сапе, і яго сапэньне гучыць для нас як музыка.

Мітэльштэдт падбадзёрвае і пацяшае ляндштурміста Канторэка цытатамі настаўніка Канторэка:

— Ляндштурміст Канторэк, мы маем шчасьце жыць у вялікі час, таму мы павінны ўсе зьлітавацца ў адно цэлае і навучыцца перамагаць усю цяжкасьць гора.

Канторэк затым выплёўвае брудны кавалачак дрэва, што трапіў яму ў рот і маўчыць.

Мітэльштэдт пахіляецца і гаворыць пранікліва:

— І пасярод дробязяй ніколі не забывацца на вялікія падзеі, ляндштурміст Канторэк!

Дзіўна, як Канторэк ня трэсьне ад злосьці, асабліва цяпер, калі пачынаюцца гімнастычныя практыкаваньні, у часе якіх Мітэльштэдт надзвычай удала копіруе яго. Прытрымліваючы яго за заднюю частку штаноў, каб прымусіць пры практыкаваньні на папярэчных брусох трымаць падбародак проста над перакладзінай, ён сыпле пры гэтым мудрыя выслоўі. Акурат таксама рабіў з ім Канторэк.

Потым прыводзіцца разьмеркаваньне нарадаў:

— Канторэк і Бэхтэр, па хлеб! Вазьмеце з сабой тачку.

Праз некалькі хвілін абодва выпраўляюцца з тачкай. Абураны Канторэк трымае галаву пахіленай далоў. Швайцар ганарыцца, што атрымаў лёгкі нарад.

Хлебапякарня знаходзіцца на другім канцы гораду. Такім чынам яны абодва павінны прайсьці праз увесь горад з канца ў канец.