Старонка:На Заходнім фронце без перамен (1931).pdf/102

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ваецца расплыўчасты і лёгкі ланцужок узгоркаў. Яна ператвараецца ў яркі восенскі дзень, і я сяджу ля агню і ем разам з Катам і Альбэртам печаную бульбу ў шалупінах.

Але пра гэта я ня хочу думаць. Я адганяю гэту думку. Пакой павінен загаварыць, ён павінен мяне прыняць, і я хочу адчуць, што я належу да яго, хочу слухаць, каб ведаць, калі я зноў накіруюся на фронт. Вайну змываюць хвалі радаснага звароту на радзіму, вайна далёка, яна не жарэ нас, яна ня мае над намі ніякай улады, акрамя аднэй — зьнешняй!

Кнігі стаяць адна ля аднае. Я яшчэ ведаю і памятаю ў якім парадку стаўляў іх. Я прашу іх вачыма:

— Размаўляйце са мной, прымеце мяне, прымі мяне, ты, маё мінулае, ты, бесклапотнае, прыгожае, прымі мяне зноў!

Я чакаю і чакаю.

Вобразы мільгаюць паўз мяне, яны не адбіваюцца глыбока ў памяці. Гэта толькі цень і ўспаміны.

— Нічога… нічога…

Маё непакойства ўзрастае.

Застрашальнае пачуцьцё адарванасьці раптоўна ўзьнімаецца ў мяне. Я не магу зноў знайсьці сябе, я адарваны ад жыцьця; як я ні прашу, як ні імкнуся да гэтага, нічога ня рушыцца. Бязуважна і тужліва я сяджу як засуджаны, а мінулае адварочваецца ад мяне. У той-жа час я праз пару баюся ўпрашаць яго, бо ня ведаю, што тады можа здарыцца. Я салдат і мушу з гэтым лічыцца.

Я млява ўстаю і гляджу ў акно. Потым я бяру адну з кніг і гартаю яе, каб пачытаць. Але я адкладаю яе і бяру другую. У ёй ёсьць падкрэсьленыя месцы. Я шукаю, гартаю, бяру новыя кнігі. Ужо перада мною ляжыць цэлая груда. Да яе далучаюцца новыя, і вось старонкі, сшыткі, лісты.

Моўчкі я стаю перад імі, як перад судом. Сконфужаны.

Словы, словы, словы — яны не даходзяць да мяне!

Паволі я стаўляю кнігі на іх месца.

Мінулае!

Я выходжу ціха з пакою.

Аднак я не паддаюся. Я, праўда, не заходжу больш у свой пакой, але я пацяшаю сябе тым, што некалькі дзён не вызначаюць яшчэ канчатку. У маёй уладзе потым будуць цэлыя гады. Тымчасам я іду