Старонка:Наша сялянства, яго прыяцелі й ворагі ў літаратурным адбіцьці (1926).pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Па гэтым пытаньні аўтар гаворыць (Fragmenty o Filipie z Konopi, p. II.) наступнае:

„Добра было-б на гэтым сьвеце быць такім чалавекам, як усе іншыя — сталыя нявольнікі звычаяў ды моралі. Іхнія думкі ня йдуць нейкім дзіўным шляхам, а могуць трымацца бітае дарогі. Такія людзі ніколі ня будуць адзінокімі сярод масы. Яны разумеюць гэты сьвет, і ён іх таксама зразумее.

Але сустракаецца часам і іншы чалавек, сапраўдны ўлюбенец лёсу.

Калі ў яго зьявіцца новая думка, дык выкажа ён яе надта ўдала ў належным месцы й часе сярод спагадных людзей. Вось тады яго словы захопяць людзкія душы, пасыплюцца зерняткі найлепшага севу.

Але зноў такі паміж тысяч людзей спатыкаюцца й асобы з шалёнаю галавою, а гарачым сэрцам. Яны, ня гледзячы, дзе й каму гавораць, ня ўстрымліваюць слоў свайго сардэчнага перакананьня.

Такі чалавек яшчэ ня досыць моцны, каб зваліць стары парадак рэчаў, але ён на ўсё нападае, усяму пярэчыць.

У навальніцу грамадзянскіх нязгод, якая нясецца ў магугным руху, ён дзьмухае, усё роўна, як быццам проціў ветру, каб той павеяў у іншы бок. Надарэмна з усяе сілы ўбірае ён у сябе паветра, але раней разарвуцца ў яго грудзі, чым ён тут што-колечы выдзьмухае.

А сьмеху-ж будзе, а рогату з беднага вар'ята. Хто пальцам тыкае, а хто дык проста зьдзекуецца: „Чуеце, што ён прыдумаў? Глядзеце, куды ён прыблытаўся!“.

Эх! Піліп з Канопляў!“

Зразумела, што падобны чалавек не дачакаеша добрых вынікаў сваёй пропаганды.

Толькі шмат пазьней, шмат гадоў пасьля яго сьмерці яго думкі могуць зьдзейсьніцца.

Сыракомля пісаў у саракавых, пяцідзесятых і ў пачатку шасьцідзесятых гадоў XIX-га сталецьця.

Пазьней за яго, але, бязумоўна, зусім ад яго незалежна, прадстаўнік расійскага крытычнага народніцтва Мікола Кастусёў Міхайлоўскі, прыстасоўваючы да соцыолёгіі тэорыю натуралістых Снэлла ды Геккеля адносна „ідэальных і практычных тыпаў“, даходзіць да вельмі цікавых вынікаў:

Існуюць ў жыцьці тры тыпы: практычны, сярэдні й ідэальны.

Практычны тып — гэта вынік поўнага, бязумоўнага прыстасаваньня да акружаючага жыцьця: ён ня мае магчымасьці далейшага разьвіцьця, эволюцыі, бо ня мае яскравых індывідуальных рыс.

Ідэальны тып здольны да эволюцыі; яго натура, багатая індывідуальнымі, рэзка вызначанымі рысамі, дае яму надта добрую падставу для далейшага разьвіцьця. Але барацьба з акружаючым жыцьцём для яго нязвычайна цяжка.