Старонка:Наша сялянства, яго прыяцелі й ворагі ў літаратурным адбіцьці (1926).pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сярэдні тып, дапасаваны да гэтага жыцьця настолькі, каб не загінуць у безнадзейнай барацьбе, у дарэмным змаганьні з ім, мае ў сабе даволі індывідуальных асаблівасьцяй, каб унесьці нешта сваё ўласнае ў агульны ход эволюцыі.

Герцэн заве „мяшчанскім“ той тып, які вышэйпрыведзеная тэорыя называе „практычным“.

Процівалежны гэтаму тып „ідэальны“ можна назваць інакш „індывідуалістычным“. Можна гаварыць аб тыпах „стадным“ і „асабістым“.

Але ўжо вышэй мы гаварылі аб „рыцарах“ ды „мяшчанах“ духу. У сутнасьці рэчаў тэрмінолёгія нічога рашуча не зьмяняе.

У сваім сапраўдным выглядзе „ідэальны“ тып заўсёды гіне, хаця й не бясьсьледна. „Мяшчане“ загрызаюцыь яго на сьмерць.

Такі лёс спаткаў, як мы ўжо бачылі, Піліпа з Канопляў. Змагаючыся з цёмнымі зьявамі жыцьця, выступаючы проціў рэлігійнага фанатызму, проціў катаваньня жыдоў, проціў уціску слабых людзей моцнымі, проціў подкупаў ды гвалтаў на выбарах, проціў няроўнапраўнасьці станаў і г. д. Піліп нажыў сабе шмат ворагаў, якія ўрэшце яго й загубілі.

Дафінітара мы можам лічыць сярэднім тыпам. Ён ў значнай меры прымае пад увагу ўмовы месца ды часу.

Тактоўна, умела змушае ён парахвян шанаваць яго перакаваньні й пакрысе іх прымаць у свае душы. У сваіх казаньнях ён ня ўжываў рэзкіх слоў, але ўмеў бяз гэтакіх моцных сродкаў дайсьці да пажаданых вынікаў.

Стары Дэмборуг чуе ад дафінітара ня толькі агульнага характару моральныя ўвагі адносна неабходнасьці задаволіць пакрыўджаных суседзяў, але яшчэ й спэцыяльна-дваранскія мотывы аб чыстаце гэрба й шляхецкім гонары. Дафінітар — тонкі псыхолёг; ён стаіць на грунце сапраўднасьці; ён гатоў нават забабоны свайго суразмоўцы (напрыклад, яго веру ў існаваньне нейкай спэцыяльна дваранскай чэсьці) выкарыстаць для сваёй справы.

У вершы „Зарана“ („Zawcześnie“) Сыракомля з шчырым спагаданьнем гаворыць аб лёсе тых людзей, якія адышлі далёка ўперад ад сваіх сучасьнікаў, аб лёсе тых „рыцараў духу“, якіх задушыла халоднае, эгоістычнае абкружаючае жыцьцё.

Але нявымоўна страшэннаю зьяўляецца духоўная сьмерць, моральнае зьніштажэньне цэлага стану, які разарваў сувязь з большасьцю нацыі.