Старонка:Наша сялянства, яго прыяцелі й ворагі ў літаратурным адбіцьці (1926).pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

працаваць на народную карысьць. — „Шкада, што прыходзіцца пакінуць гэты сьвет“, кажа ён перад сьмерцю. Гэтак любіў пан Піліп сваю дзейнасьць на дабро народу.

Народнікі з шляхецкага стану (як пан Піліп або дафінітар) добра ведаюць, што вышэйшыя станы маюць вялізарны доўг, які павінны заплаціць народу. Гэтая сьвядомасьць сваёй віны змушае іх працаваць бязупынку на карысьць народу; яны імкнуцца адпакутаваць за ўсе грахі цёмнае мінуўшчыны свайго ўласнага стану.

Пан Піліп хоча несьці цяжар падаткаў роўна з сялянамі. І ён і дафінітар нясуць на сваіх плячох нялёгкае бярэмя земляробскае працы. Яны рады, што не карыстаюцца чужою працаю, што самі займаюцца сваёй гаспадаркаю: Дафінітар нават арэ й жне сам, асабіста.

Жыцьцё здаецца ім закароткім; яго не хапае, каб зрабіць усё тое, што павінны зрабіць вышэйшыя станы для сялянства, бо яны зашмат ад яго атрымалі і нічым яму не заплацілі.

І сапраўды, не адзін чалавек, а толькі шмат пакаленьняў могуць прывесьці ўсё ў роўнавагу. Толькі шматгадовая праца можа зьніштожыць апошнія ўспаміны аб прыгнечаным, нялюдзкім становішчы сялянства ў нядобрыя часы панаваньня эксплёататараў. Але такія паважныя зьмены, аб якіх думалі народнікі, могуць зьявіцца выключна ў выніку рэволюцыі. А для рэволюцыі патрэбны пэўныя ўмовы.

Пры панаваньні натуральнае гаспадаркі, пры малым значэньні сярэдняга, гандлярскага, купецкага стану, перавага шляхты павінна была трываць вельмі доўга. Такім чынам ня толькі сяляне, але й буржуазія яшчэ пакуль што не магла мець улады.

Гутаркі аб роўнапраўнасьці станаў здаваліся ўсім вельмі дзіўнымі ў часох пана Піліпа (XVI, XVII сталецьці).

Аднак-жа кожная, хаця-б і вельмі няўдалая, спроба мае сваё значэньне ў гісторыі. Вызначыць новы шлях бывае надта важна. Па ім яшчэ ня езьдзяць, але, калі будзе магчымасьць, яго выкарыстаюць. Новую думку грамадзтва прызнае раней ці пазьней.

Вось чаму вялікае пашаны заслугоўваюць тыя людзі, якія мелі грамадзянскую адвагу выказаць свае новыя думкі, ня гледзячы на кпінкі ды лаянкі сваіх сучасьнікаў.