Старонка:Наша сялянства, яго прыяцелі й ворагі ў літаратурным адбіцьці (1926).pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

навісны ўсім. „Народалюбства“ Лагоды аднак-жа было органічнае, інстынктыўнае, а не сьвядомае.

Мы тут не разглядаем пытаньне, наколькі згаджаюцца з жыцьцёваю праўдаю, з фактычным станам рэчаў вобразы ксяндза й шляхціча — „народалюбцаў“.

Клясавыя інтарэсы духавенства й шляхты не дазвалялі, каб падобныя зьявы былі тыповымі.

Але мы цікавімся цяпер ідэолёгіяю самога аўтара.

Пабачым зараз, як ён малюе зусім сьвядомага „народніка“ старажытных часоў у васобе пана Піліпа з Канопляў. (Pan Filip z Konopi).

Пана Піліпа выбралі паслом у сойм. Ён выпрацаваў проект роўнапраўнасьці для ўсіх станаў, жадаючы, каб кожны грамадзянін мог атрымаць адукацыю, каб прымаў удзел у законадаўчай працы, каб плаціў падаткі на адных і тых самых падставах, каб ня было ніякіх прывілей і г. д.

Адзін дваранін пытаецца ў пана Піліпа, ці можа хто-небудзь зраўнацца з шляхтаю, калі другога такога самага стану няма й быць не павінна.

Піліп адказвае яму: „Нам роўныя — мужыкі, якіх Рэч Паспалітая трымае паніжанымі. Калі мы баронім дзяржаўныя межы, шаноўны колега, яны запасаюць хлеб для нас, сьцерагуць нашых дзетак. На хлебароднай глебе іх сякеры ды косы вартыя найлепшага гербу. Васпан, здаецца, рыцар — а, на жаль, вашая шабля зайржавела, мо‘ яшчэ ад прадзедаўскіх часоў. А паглядзі толькі на іх плугі, ці ня больш яны вартыя, бо зьзяюць яскрава ад штодзеннага ўжываньня. Яны ў сваім дастойным, хаця й бедным, стане заслугоўваюць больш, чым мы з нашымі справамі; яны вартыя быць роўнымі з намі!.. Сягоньня, калі мяне выбралі ў сойм, глядзеце, які проект я ўнясу — гэта будзе мая першая дапамога мужычком — роўнапраўнасьць“.

Гэтая прамова загубіла пана Піліпа.

Дваране зазлаваліся, кінуліся на яго з шаблямі й цяжка паранілі. Ад гэтых ран ён і памёр.

Але перад сьмерцю пан Піліп пасьпеў яшчэ прагневаць ксяндза, які прышоў да яго ў апошнюю хвіліну, — сказаў духаўніку, што ўсе людзі роўныя, што нядобра бывае дзерці з бедака-мужыка апошні грош, што пасты нічога ня значаць,а трэба мець чыстае сумленьне.

Ксёндз зазлаваўся ды сказаў, што нага яго больш ня будзе ў гэтай хаце, і пакінуў пана Піліпа.

Нават паміраючы, пан Піліп думаў і рупіўся не аб сабе, а толькі аб народзе. Усё-ткі яму хацелася яшчэ пажыць, па-