Старонка:Наша сялянства, яго прыяцелі й ворагі ў літаратурным адбіцьці (1926).pdf/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ходзіць сабе толькі адну радасьць — сумленнае выкананьне сваіх моральных абавязкаў. „Грамада“, як адзіная суцэльнасьць, — вось прадмет каханьня Янкі.

„Бывала, памрэ хто ў вёсцы, — Янка шчыра заплача, як малое дзіцянё. У чужым чалавеку, што зышоў з гэтага сьвету, Янка губляў быццам роднага бацьку ці брата. Ён зробіць і магілу і труну, сьпяе жалобныя сьпевы, а калі блізкія ў нябожчыка небагатыя, дык яшчэ заплаціць і за пахаваньне“…

„Ён і на вясельлі дружка, ён-жа й першы аратай і касец, ніколі ня бывае ў яго недахопу сіл і ахвоты“…

Правы Янкі на пяршынства ў вёсцы прызнаюць усе, бо гэтыя правы ўгрунтаваны на яго шчырым каханьні й рупнасьці аб усёй грамадзе, бо ён гатоў заўсёды бараніць агульныя інтарэсы. Дзеля гэтага ён можа весьці за сабою грамаду туды, куды лічыць патрэбным.

Але, на жаль, інтарэсы розных грамад не аднолькавыя. Вось чаму Янка бывае ня толькі кіраўніком агульнае вытворчае працы, але й правадыром бою на кіях (grzmotni na kije). „І б‘е ён ды б‘е, пакуль ня зваліць ворага на зямлю“. Ды як-жа й можа быць інакш, калі чужая грамада адважваецца захапіць сенажаць або ворную зямлю ў яго вёскі?

Грамадзе Янка патрэбны, пакуль ён прыдатны да працы ды бою. Але вось гэты самы Янка прыходзіць у родную вёску ўжо стары. Новае пакаленьне, новыя сябры грамады ўжо толькі сьмяюцца, гаворачы з ім. Праўда, калі Янка паабяцаў ім набіць сьпіны так, як б‘юць недасьпелае горкае яблыка, каб яно зрабілася больш мяккім ды смачным, моладзь крыху апамяталася. А ўсё-ткі Янка для яе чалавек чужы й зусім няцікавы, і адносіны да яго гіронічныя, як, праўда, і да іншых старых людзей.

Сябелюбных неспагадных людзей шмат, і шчыры, добры, самаахвярны Янка, які гэтак рупіцца і аб жывых і нават аб нябожчыках, — зьява даволі рэдкая.

Людзі бяз высокіх імкненьняў, бяз яснага сьветапогляду, бяз цьвёрдых падстаў для дзейнасьці, людзі „мяшчанскага духу“, „буржуазнай псыхолёгіі“ колькасьцю пераважваюць пакуль што ўсюды, а ў тым ліку й на вёсцы, а рэдкія „рыцары духу“ выразна выдзяляюцца на гэтым шэрым грунце.

Сыракомля ня дзеліць сваіх герояў на мяшчан і рыцараў духу, у яго падзел інакшы: добрыя тыпы ў яго або належаць да сялянства, або жывуць выключна інтарэсамі гэтага стану;